viasna on patreon

Магілёўскаму журналісту міліцыя ў трэці раз адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы

2016 2016-02-16T00:44:25+0300 2016-02-16T00:44:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/111barysauiharmahileucr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

У дзеяннях невядомых асоб, якія прадставіліся камунальнікамі і спрабавалі ўламіцца ў кватэру Ігара Барысава, скаладу злачынства не выявілі.

5 лютага 2016 года начальнікам Кастрычніцкага РАЎСа Магілёва Сяргеем Клімавым была вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве магілёўскага журналіста з прычыны спробы невядомых асобаў разам з двума міліцыянтамі патрапіць у ягоную прыватную кватэру. Дзве папярэднія праверкі не прынеслі таксама станоўчага выніку.

Капітан Данькоў, які праводзіў праверку, неаднаразова парушаў працэсуальныя тэрміны, а таксама праводзіў праверку няякасна і павяярхоўна, за што і атрымліваў скаргі ў свой адрас. Менавіта скаргі і сталі вынікам двух адменаў рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Па выніках усіх праверак міліцыянты так і не правялі апазнання ўсіх невядомых асоб, якія спрабавалі ўварвацца ў кватэру Ігара Барысава. Выключэнне з сямі невядомых склалі двое супрацоўнікаў міліцыі, якія 13 лістапада 2015 года суправаджалі працэсію камунальнікаў для “недапушчэння здзяйснення правапарушэння” і мелі пры сабе службовыя пасведчанні.

-          Наяўнасць міліцыі і нахабнасць камунальнікаў з’яўляюцца спробай запалохвання мяне і маёй сям’і. Такім чынам улада спрабуе адбіць у мяне ахвоту займацца палітыкай і журналістыкай. Самі камунальнікі нефармальна пацвердзілі, што ім “карт-бланш” на штурм маёй кватэры далі супрацоўнікі спецслужбаў, якім вельмі хацелася паглядзець, ці ёсць у мяне ў кватэры наклады незарэгістраваных газет і палітычных улётак. Не маючы ніякіх законных падставаў патрапіць унутр маёй кватэры, да гэтай аперацыі падключылі камунальнікаў, якія пад выглядам сезоннага агляду кватэры спрабавалі патрапіць у маю прыватную ўласнаць, - каментуе сітуацыю Ігар Барысаў.

Дырэктар ТДА “Камунальнік МК” Андрэй Караткевіч у сваіх тлумачэннях аб мэтах візіту ў кватэру Барысава спасылаецца на наяўнасць у яго незаконнай перапланіроўкі. З яго словаў, у канцы кастрычніка 2015 года адзін з жыхароў дома, дзе разам са сваёй сям’ёй пражывае Ігар Барысаў, на правах ананімнасці паведаміў па тэлефоне аб тым, што ў кватэры Барысава ёсць незаконная перапланіроўка. Гэта стала бадай пятай прычынай, якая стала фігураваць у мэтах візіту камунальнікаў у кватэру журналіста. Дагэтуль, у тым ліку пісьмова, агучваліся іншыя версіі: сезонны агляд кватэры, праверка пажарных апавяшчальнікаў, магчымая наяўнасць перапланіроўкі, праверка камунікацый.

-          Да вас часта прыходзяць з сезонным аглядам кватэры дэлегацыі з міліцыяй і камунальнікамі? – задаецца пытаннем Ігар Барысаў. -- Доступ у кватэру я магу прадаставіць толькі ў некаторых выпадках – санкцыя пракурора, рашэнне суда і мой званок камунальнікам аб неабходнасці выканаць той ці іншы від працы. Па дамове абслугоўвання памяшкання я магу прадаставіць доступ для агляду сваёй кватэры, аднак павінна быць  названая канкрэтная прычына візіта, якая так і не была агучана. У іншых выпадках дзейнічае недатыкальнасць жытла. Гэта прапісана ў Канстытуцыі, і таму - ні камунальнікі, ні дворнікі, ні міліцыя проста так не могуць патрапіць у кватэру.

Журналіст кажа, што ў яго ў кватэры ёсць дробная перапланіроўка, і пра гэта ведалі тры камісіі гэтай камунальнай службы, але не звярталі на гэта ўвагі, пакуль не сталі ўдзельнікамі “спецаперацыі”. Ён не супраць усё ўзаконіць, але ў адпаведнасці з заканадаўствам для гэтага патрэбна, каб ва ўсіх пакоях стаялі дзверы. Пакуль іх няма – няма і магчымасці аформіць усе неабходныя дакументы.

-          У трэці раз міліцыя так і не дала тлумачэнняў, чаму ў дачыненні да мяне была ўжыта фізічнай сіла. Незаконнае пранікненне ў жытло насуперак волі пражываючых, якое здзейснена службовымі асобамі з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караецца законам у адпаведнасці з арт.202 Крымінальнага кодэкса. У нашым выпадку быў замах на недатыкальнасць жытла - не была пазначана мэта і прычына агляду кватэры, адсутнічалі дакументы, якія б спраўджвалі асобы магчымых камунальнікаў, а каб патрапіць у калідор была ўжыта фізічная сіла. Незаконныя дзеянні службовых асоб міліцыя ў сваіх пастановах абыходзіць бокам і не дае ніякіх тлумачэнняў, - гаворыць юрыст, а таксама ўдзельніца гэтых падзей Алена Барысава.

Ігар Барысаў лічыць, што выкарыстаў усе сродкі дасудовага разбіральніцтва і ў бліжэйшы час мае намер звярнуцца ў суд, каб прызнаць спробу патрапіць унутр яго кватэры магчымых камунальнікаў і міліцыянтаў незаконнай.

Нагадаем, што 13 лістапада 2015 года пяцёра невядомых у суправаджэнні двух супрацоўнікаў міліцыі, не маючы на тое законных падставаў, спрабавалі патрапіць у кватэру магілёўскага журналіста. Невядомыя разам з міліцыяй здолелі патрапіць у агульны калідор, аднак доступ у прыватную кватэру ім не быў прадастаўлены. Пасля дадзенага візіту ад імя Ігара і Алены Барысавых была пададзена заява аб спробе незаконнага пранікнення ў кватэру.

Ігар Барысаў лічыць гэта працягам палітычнага ціску, карані якога сягаюць у 2014 год, калі ў яго было канфіскавана амаль 12 тысяч незалежных газет, а таксама 2015 года, калі супрацоўнікі міліцыі здзейснілі агляд кватэры і забралі ў яго тры кампутары. Тады журналіста вінавацілі ў размяшчэнні несапраўднай інфармацыі на дырэктара аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў на сайце газеты “НАШ Магілёў”. Аднак прыцягнуць да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці Барысава ў праваахоўнікаў так і не атрымалася. Пасля гэтага ім заняліся падаткавакі і камунальнікі.

З матэрыялаў праверкі ў межах крымінальнага артыкула“паклёп” стала вядома, што праверка ў дачыненні да Барысава была спынена пасля таго, як невядомая ананімная асоба патэлефанавала ў міліцыю і прызналася ў тым, што яна напісала артыкул пра дырэктара аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў. Ігар Барысаў лічыць, што ў яго жыцці дужа шмат з’явілася ананімных асоб, што наводзіць на адпаведныя думкі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства