viasna on patreon

Арышт з маёмасці Алеся Бяляцкага зняты, паколькі быў накладзены “памылкова”

2016 2016-01-29T15:12:20+0300 2016-01-29T15:13:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_doma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ў сваёй кватэры. Фота: gazetaby.com

Алесь Бяляцкі ў сваёй кватэры. Фота: gazetaby.com

28 студзеня праваабаронца атрымаў адказ з аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна г. Мінска, куды абскарджваў пастанову пра накладання арышту на долю ў кватэры, дзе ён пражывае з сям'ёй.

Пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад 21 снежня 2015 года і пастанову аб накладанні арышту на 18/100 долі кватэры ад 4 студзеня 2016 года, вынесеныя загадчыкам сектара №2 аддзела прымусовага выканання Міхаілам Гастэлам, Алесь Бяляцкі абскардзіў на імя начальніка аддзела.

Разгледзеўшы скаргу, Людміла Кабычкіна 25 студзеня пастанавіла:

“У скарзе Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу на пастанову загадчыка сектарам №2 Гастэлы Міхаіла Міхайлавіча аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад 21.12.2015 аб абарачэнні ў кошт канфіскацыі маёмасці 18/100 долі на праве ўласнасці на кватэру <…> і на пастанову ад 04.01.2016 аб накладанні арышту на ўказаную маёмасць адмовіць, у сувязі з тым, што адпалі падставы для задавальнення ці адмовы ў задавальненні патрабаванняў, якія ўтрымліваліся ў скарзе Бяляцкага А.В.”

У першай частцы пастановы Людміла Кабычкіна тлумачыць, якім чынам “адпалі падставы”. З гэтага тлумачэння вынікае, што суд Першамайскага раёна горада Мінска (гэты суд 24 лістапада 2011 года асудзіў Алеся Бяляцкага да пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці), адклікаў вынесены ім выканаўчы ліст з аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна горада Мінска ў сувязі з “памылковым накіраваннем дадзенага выканаўчага ліста”. На падставе гэтага, аддзел прымусовага выканання Партызанскага раёна адклікаў пастанову аб накладанні арышту на маёмасць Алеся Бяляцкага і 22 студзеня вынес пастанову пра завяршэнне выканаўчай вытворчасці.

Такім чынам, арышт з 18/100 долі кватэры, у якой Алесь Бяляцкі пражывае з сям’ёй, зняты.

Нагадаем, што, згодна з прысудам суда Першамайскага раёна г. Мінска, 24 лістапада 2011 года старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, якая належала яму на праве ўласнасці – у тым ліку кватэры, у якой знаходзіўся офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У выніку абскарджанняў рашэнняў аб канфіскаванай маёмасці, паводле рашэння суда Партызанскага  раёна г. Мінска ад 4 ліпеня 2012 года, доля ў кватэры, дзе праваабаронца пражываў з сям’ёй, была вызваленая з-пад арышту.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства