viasna on patreon

Збіты міліцыяй жыхар Івацэвічаў падаў скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт (фота)

2016 2016-01-27T19:22:33+0300 2016-01-27T19:22:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dyluk-siargej-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 студзеня каля 7 гадзін раніцы ў дзверы дома адзінокага 57-гадовага Сяргея Дылюка пастукаліся. Ён, беспрацоўны, збіраўся на працу па дамоўленасці з прадпрымальнікам. На пытанне “Хто?” яму адказалі: “Міліцыя”. Мужчына не паверыў, што так рана міліцыя нечага магла да яго пастукацца, пра што ён сумніўна выказаўся, але дзверы адчыніў. Там сапраўды стаялі ст. лейтэнант, капітан і прапаршчык. Яны адразу заявілі: паехалі ў аддзел, трэба пагаварыць. Але Дылюк сказаў, што можна пагаварыць і тут, бо ён спяшаецца на працу. Міліцыянты запярэчылі, і мужчына падпарадкаваўся.

Яго даставілі ў райаддзел, завялі ў адзін з кабінетаў і адразу запыталі: дзе прыстаўка суседа Дылюка. Пасля адказу: “Не ведаю, я да яго не хаджу” -- сталі біць. Але біць прафесійна. Да ілба прыкладалі кнігу ў чырвонай вокладцы і білі па кнізе, клалі кнігу на галаву і таксама білі. Але доўга так вазіцца надакучыла, і сталі біць нагамі. Дылюк падпісаў усе паперы, не чытаючы, бо баяўся, што заб’юць. Участковы, які нават не ведаў мужчыну і з якім у Сяргея Дылюка не было праблем, ды і наогул з законам не меў праблем, выходзячы з кабінета, ужо без кніжкі ўдарыў кулаком па галаве і без таго збітага мужчыну. Затым выпхнулі яго за дзверы міліцыі. Выпадковы мінак ўбачыў Дылюка і запытаў: “З гестапа?”

24 студзеня Сяргей Дылюк выклікаў хуткую, бо было вельмі кепска. Хуткая прыехала, яму зрабілі ўкол і з’ехалі. Але на трэці дзень, 25 студзеня, збітаму Дылюку стала зусім кепска, і ён трапіў ў траўматалагічнае аддзяленне Івацэвіцкай бальніцы. Акрамя сінякоў і ран на нагах, руках і твары, было выяўлена сатрасенне галаўнога мозга. Тыя міліцыянты, якія яго збівалі, з’явіліся да Дылюка ў палату і папярэдзілі: калі ён паскардзіцца, то ўжо яму мала не пакажацца. Маўляў, ён іх ведае. А ўчастковы прыгразіў, што будзе прыходзіць кожны дзень у любы час сутак да яго дадому, і кожны раз ён будзе трапляць у каталажку.

Але Сяргей Дылюк лічыць, што маўчаць нельга. Бо такімі метадамі міліцыянты не павінны абыходзіцца з людзьмі. Таму ён напісаў заявы ў пракуратуру Івацэвіцкага раёна і Следчы камітэт з просьбай прыцягнуць збіваўшых да крымінальнай адказнасці.

Першы намеснік начальніка міліцыі, кіраўнік крымінальнай міліцыі Сяргей Коцік, паведаміў журналісту Беларускага Радыё Рацыя, што будзе праводзіцца ўнутраная праверка, калі ў ходзе праверкі будзе ўстаноўлена, што ўчастковы і хтосці яшчэ збівалі, то яны будуць адхілены ад працы, але Дылюк нікога не называе. Але як яму кагосці назваць, калі супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства