viasna on patreon

Таямніцы расстрэльнага калідора. Частка 3

2016 2016-01-27T15:45:00+0300 2016-01-27T14:02:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valadarka-3-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Стары Пішчалаўскі замак

Стары Пішчалаўскі замак

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі дагэтуль застаецца за сям’ю пячаткамі. Грамадства практычна нічога не ведае пра ўмовы ўтрымання асуджаных да вышэйшай меры. Вядома толькі тое, што яны некаторы час пасля вынясення прысуда знаходзяцца ў цэнтры Менску, у СІЗА на Валадарскага. Таму праваабаронцы заўсёды намагаюцца адшукаць і сабраць па зярнятках гэтую інфармацыю. Прадстаўнікамі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" збіраюцца ўспаміны і сведчанні былых супрацоўнікаў СІЗА №1 і былых вязняў, сваякоў расстраляных, частка якіх і пакладзеныя ў аснову дадзенай публікацыі. Гэтыя людзі па зразумелых прычынах папрасілі захаваць іх імёны ў сакрэце.

У трэцяй частцы публікацыі сабраныя сведчанні пра смяротныя прысуды апошніх гадоў, апісанні псіхалагічнага стану асуджаных і тыя нешматлікія звесткі пра іх жыццё перад расстрэлам, якія давялося расшукаць праваабаронцам.

Зацяжны скачок без парашута

Амаль усе асуджаныя да вышэйшай меры падаюць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Беларусі з маленькай надзеяй, што той захавае ім жыццё. На сёння вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага на смерць.

Што ж адбываецца з вязнем і яго псіхікай ва ўмовах пастаяннага ціску, чакання расстрэлу?

Па сведчаннях супрацоўнікаў СІЗА №1 многія з асуджаных да вышэйшай меры спрабуюць скончыць жыццё самагубствам. Пра гэта калісьці распавядаў у інтэрв’ю былы начальнік мінскага СІЗА Алег Алкаеў. Ён узгадваў, як аднойчы ў камеры апынуліся два асуджаных да смяротнага прысуду.

“Смерць заўсёды страшная. Нават натуральная. Але калі жыццё забіраюць іншыя людзі, смерць становіцца бязмерна страшнай. І не трэба верыць тым, хто наракае на пажыццёвае зняволенне, запэўніваючы, што было б лепш, калі б яго расстралялі. Права сысці з жыцця добраахвотна ў чалавека ніхто не адбіраў. І нават у турме ёсць дзесяткі спосабаў здзейсніць суіцыд. Але самагубства ў турме - рэдкі выпадак. Я памятаю толькі адзін выпадак, калі двое асуджаных за некалькі дзён да выканання прысуду павесіліся па чарзе на адной вяроўцы. Вылічыўшы перыядычнасць абыходу камер паставым, прыкладна праз 8-10 хвілін. Спачатку павесіўся адзін. Другі паспеў яго выняць з пятлі, пакласці на ложак і легчы сам. Затым пасля абыходу таксама залез у пятлю, дзе і быў знойдзены”.(З кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”

Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы.

 Людзі, якія чакаюць выканання смяротнага прысуду, пастаянна знаходзяцца ў вышэйшай нервовай напрузе. Як адзначаў Алег Алкаеў, гэта нешта накшталт зацяжнога скачка без парашута, дзе ёсць слабая надзея на стог сена. Натуральна, што падчас выканання прысуду напружанне даходзіць да вышэйшых межаў чалавечага арганізма:

“Стадыю вар'яцтва вызначыць складана, але неадэкватнасць і прастрацыя назіраюцца практычна ва ўсіх. Для асуджаных характэрныя пакорлівасць і поўнае бязволле. Цяжка вылучыць нешта індывідуальнае. На маёй памяці толькі некалькі чалавек перад выкананнем прысуду выглядалі больш-менш ўсведамлялі, што з імі адбываецца”.

Падчас свайго знаходжання ў СІЗА на Валадарцы, асуджаны на смерць Рыгор Язэпчук страціў розум. Як распавядалі супрацоўнікі і былыя вязні, ён “валяўся па падлозе, перакатваўся з кута у кут па камеры ды спяваў песні, але яго ніяк не супакойвалі”.

Цікавы і той факт, што далёкі сваяк Рыгора –  Васіль Юзэпчук, які таксама быў асуджаны да смяротнай кары быў непісьменным чалавекам. Пісаць і чытаць яго вучыў іншы асуджаны да вышэйшай меры Андрэй Жук. Ён у свой час дасылаў лісты праваабаронцам. Дзякуючы яму стала вядома, што з ім у камеры сядзіць Юзэпчук. Гэты факт апісваецца ў кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”:

“З лістоў Андрэя Жука вынікала, што яго сукамернік Васіль Юзэпчук, які быў амаль непісьменны, спрабаваў пераадолець жах смерці, напяваючы час ад часу радкі з песні “А я сяду в кабриолет и уеду куда-нибудь…”. Хоць з’ехаць адтуль нельга, можна толькі “убыть по приговору” .

Эдуарда Лыкава ўсе сведкі характарызавалі, як вельмі імпульсіўнага чалавека, які шмат жэстыкуляваў і размаўляў.

“Лыкаў заўсёды нешта распавядаў, махаў рукамі. Яго сакамернік Сялюн наадварот сядзеў вельмі ціха. Ён быў самым ціхім і самым спакойным. Але час ад часу ім усё ж такі прыходзілася мяняцца, тады Сялюн уставаў і хадзіў па пакоі, а Лыкаў сядзеў. Для асуджаных хадзіць, паліць – вось і ўсё забавы. Яшчэ яны маглі сесці і напісаць ліст за невялікім столікам”.

Іншы прысуджаны да вышэйшай меры Аляксандр Груноў спрабаваў ускрыцца [Нанесці цялесныя пашкоджанні. Рэд.], калі растралялі ягоных паплечнікаў па камеры:

“Было надзвычайнае здарэнне на Валадарцы. Усе зняволеныя голяцца, для гэтага ім выдаюць аднаразовыя прылады. Супрацоўнік выдаў аднаразовы станок і не глядзеў у камеру як ён голіцца. А потым заўважыў, што Груноў стаў разбіраць брытву. А зрэагаваць ён хутка не можа - адкрыць камеру і перашкодзіць гэтаму. Пакуль паведамілі начальніку СІЗА , пакуль прыбеглі - ён паспеў раскрыць лязо і хацеў рэзаць рукі ці шыю, а калі заляцелі супрацоўнікі скінуў лязо ў мыйню [Прыбіральню. Рэд.]. Пасля выклікалі сантэхнікаў, бралі магніт і даставалі гэтае лязо.”

Cхематычнае размяшчэнне камер смяротнікаў у корпусе СІЗА №1.

 Часам сведчанні супрацоўнікаў становяцца абрывістымі, устанавіць дакладную храналогію даволі цяжка, але вось, што распавялі сведкі пра знаходжанне асуджаных у новых камерах.

“Адначасова расстралялі Сялюна з Лыкавым. Быў момант, калі Рыгора Язэпчука павялі, хучэй за ўсё на расстрэл. Тады астатніх рассялілі па адным у кожную камеру. У 102 камеры сядзеў Язэпчук. Потым Грунова і Сялюна пасадзілі ў 104 камеру. Калі не стала суседзяў у Грунова - Лыкава і Сялюна, ён спрабаваў здзейсніць самагубства”.

Да гэтых трох ізаляваных камер смяротнікаў, што месцяцца цяпер у новым калідоры, прымыкаюць іншыя. Побач з асуджанымі да вышэйшай меры ёсць яшчэ некалькі камер для тых, хто адбывае пажыццёвае зняволенне, а таксама асабліва небяспечных злачынцаў.

Адзін з нядаўніх вязняў гэтага корпуса – праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Перад тым, як перавесці яго сюды, вакно камеры было дадаткова абаронена дробнай сеткай, а на кармушку, якая звычайна зачыняецца на засаўку, навешаны замок.  Усё гэта было зроблена з мэтаю недапушчэння кантактаў Бандарэнкі з іншымі вязнямі і волей, а таксама ўзмацненнем псіхалагічнага ціску.

Таксама непадалёку знаходзілася камера, дзе некаторы час утрымлівалі аднаго з беларускіх крымінальных аўтарытэтаў Дзмітрыя Галеева.

Камера ў якой, верагодна, знаходзіўся Андрэй Бандарэнка. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”

 Я хочу, чтоб меня расстреляли

Праз ліставанне правабаронцы атрымалі вершы, якія напісаў расстраляны Павел Сялюн, падчас свайго зняволення ў СІЗА на Валадарцы. Гэты, як яго апісвалі, знешне спакойны і самы ціхі з усіх вязняў, у чаканні расстрэлу пісаў адразу на двух мовах. Ніжэй змяшчаем верш па-руску [На мове арыгіналу. Рэд.], але праз лісты дайшлі і беларускамоўныя творы асуджанага.

Я хочу, чтоб меня расстреляли,

Чтобы пулю в затылок пустили.

Никогда вы, ублюдки, не знали,

Грязной лапой кого погубили.

Не осталось во мне человека.

Из-за вас превратился я в зверя,

В душегуба, убийцу и зека!

Это ваше взошло во мне семя.

Я своих палачей презираю,

Мне плевать на судью, прокурора.

Свысока я за тем всем взираю,

Что запишут в листы приговора.

Не меня посадили вы в клетку,

А свою обнищавшую совесть!

И на ней вы поставите метку,

Когда выстрелом кончите повесть!

На першы погляд здаецца, што перад намі вершаваныя радкі зацятага ў сваёй нянавісці чалавека: столькі ў іх крыўды і злосці! Але варта на гэтым прыпыніцца і задумацца: чаму ён так напісаў?  Ён што, жыў па-за грамадствам, не з намі побач? Расстраляны імем дзяржавы Павал Сялюн – таксама частка нашага соцыюма, частка нас саміх. Відаць, грамадству патрэбна пра гэта таксама памятаць.

Пра гэта адзначаў і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда ў адным з апошніх інтэрв’ю:

Трэба разумець, што людзі, прысуджаныя да смяротнага пакарання, гэта не прышэльцы з іншай планеты, а такія ж грамадзяне нашай краіны, якія жывуць побач з намі. І заўсёды трэба аналізаваць, чаму чалавек пайшоў на жорсткае злачынства. Калі паглядзець на партрэт асуджанага да смяротнага пакарання, часцей за ўсё гэта чалавек, які раней ужо быў судзімы. І тут узнікае пытанне да нашай пенітэнцыярнай сістэмы. Што робяць з людзьмі ў калоніях, што яны выходзяць на волю яшчэ больш жорсткімі? Акрамя таго, востра стаіць праблема п'янства. Большасць забойстваў у Беларусі здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Дзяржава, адпраўляючы на ​​расстрэл Куляша, адной рукой змагаецца са злачыннасцю ў грамадстве. Але іншай рукой гэтаму ж грамадству налівае - тым, што напярэдадні выбараў дазваляе продаж спіртнога ў начны час”.

Роба Аляксадра Грунова. Фота Віктара Трацякова

Адзін са смяротнікаў Аляксандр Груноў, які некаторы час сядзеў у адной камеры з Паўлам Сялюном, пасля расстрэлу Сялюна і Лыкава быў на некаторы час пераведзены у 73 камеру на другіх паверх Псіхушкі [Так называюць корпус, дзе змяшчаюцца асуджаныя за нецяжкія злачынствы. Рэд]. Гэта адбылося пасля таго, як Грунову Вярхоўным судом быў адменены смяротны прысуд. Для яго была вернутая былая мера стрымання пад вартай, а справа адпраўленая на дапрацоўку. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак – чалавек выйшаў з калідора смерці. Аднак пазней Грунова зноў асудзілі да смяротнага пакарання. Яго сукамернікі распавядалі, што ён заўсёды ціхі, ні пра што не размаўляў, нічым не цікавіўся і трымаў складзеныя рэчы ў сумцы, як быццам быў заўсёды гатовы кудысьці ісці.

Не абмінула Валадарку і нашумелая справа аб тэракце ў Мінскім метро, пасля якой былі расстраляныя два хлопцы Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Па ранейшых звестках, яны ўвесь час да выканання прысуду знаходзіліся ў СІЗА КДБ, але як стала вядома зараз на непрацяглы час іх усё-ткі прывозілі на Валадарку, відавочна для здзяйснення прысуду.

“Канавалаў і Кавалёў адзін дзень знаходзіліся на Валадарцы. Іх прывезлі літаральна на гадзіну. Сярод супрацоўнікаў існавала меркаванне, што расстралялі ня тых.”

Тэма смяротнага пакарання застаецца актуальнай у беларускім грамадстве. Інфармацыя пра выкананне смяротных прысудаў ад імя Рэспублікі Беларусь застаецца пад грыфам сакрэтнасці. Сваякі не ведаюць ні часу, ні месца пахавання расстраляных і не могуць адведаць іх магілы. З іншага боку, сваякі ахвяр злачынцаў, якія часта просяць у суда вышэйшай меры пакарання для забойцаў іх блізкіх, таксама не атрымоўваюць належнай псіхалагічнай дапамогі з боку дзяржавы, а іх жаданне помсты не дапамагае пераадолець цяжар страты.

Беларусь працягвае скарыстоўваць сваю савецкую спадчыну – смяротную кару. Улічваючы спробы краіны наладзіць стасункі з Еўропай выкананне смяротных прысудаў у самым яе сэрцы выглядае сёння больш чым абсурдна.

Глядзіце таксама:

Таямніцы расстрэльнага калідора. Частка 1 

Таямніцы расстрэльнага калідора. Частка 2 

Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы
Камера ў якой знаходзіўся Андрэй Бандарэнка. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”
Роба Аляксадра Грунова. Фота Віктара Трацякова
Cхематычнае размяшчэнне камер смяротнікаў у корпусе СІЗА №1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства