Чарговы суд чакае Максіма Вінярскага
Актывіста Максіма Вінярскага чакае ўжо другі ў гэтым годзе суд. На гэты раз яго вінавацяць па ч. 3 арт. 23.34 КаАП " Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў” за ўдзел у шэсці 24 лістапада, якое было прысвечана гадавіне рэферэндуму 1996 года і ўшанаванню памяці зніклых палітыкаў ў Мінску. Справа будзе разглядацца 19 студзеня ў 14-30 ў судзе Маскоўскага раёна г.Мінска.
Пра гэта актывіст паведаміў на сваёй старонцы ў facеbook:
“Ну, што, рыхтуемся да новага "суду". Калі атрымоўваў копію "пастановы" па мінулай справе, мне адразу прапанавалі зайсці да іх яшчэ раз. 19 студзеня ў 14:30 адбудзецца "судовы" фарс за шэсце якое адбылося 24.11.2015”.
Нагадаем, суддзя Таццяна Мотыль ужо неаднаразова разглядала палітычна-матываваныя справы аб адміністратыўных правапарушэнняў і асуджала актывістаў да штрафаў і сутак. Так, 5 студзеня яна асудзіла Максіма Вінярскага за ўдзел у “Маршы студэнтаў” па арт. 23.34 КаАП “Удзел ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве”. У залі судовага паседжання на актывіста склалі новы пратакол па арт. 24.1 КаАП “Непавага да суду”. Суддзя прызнала Максіма Вінярскага вінаватым у абодвух адміністратыўных правапарушэннях і прыцягнула да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 70 базавых велічынь (14 мільёнаў 700 тысяч беларускіх рублёў) шляхам поўнага складання па абодвум артыкулам.