Бярозаўскія праваабаронцы аспрэчваюць адмову ў правядзенні пікета
Бярозаўскія праваабаронцы лічаць, што маюць усе шанцы на перамогу ў судзе, паколькі адмова ў правядзенні пікека 10 снежня не проста надуманая, а выдуманая.
У адмове ў правядзенні пікета, прысвечанага Міжнароднаму дню правоў чалавека, бярозаўскія чыноўнікі паведамілі, што акурат з 12 да 13 гадзін, калі меўся адбыцца пікет, 10 снежня на Цэнтральным стадыёне адбудуцца спартовыя мерапрыемствы з удзелам гледачоў. Яны спасылаліся на 9 артыкул закона “Аб масавых мерапрыемствах” Рэспублікі Беларусь, у якім сказана, што адначасовае правядзенне некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы не дазваляецца. На самой справе ў гэты час ніякіх спартовых мерапрыемстваў не было.І як сказалі ў спорткомплексе, і не планавалася. Адна з заяўнікаў пікету Таццяна Тарасевіч зафіксавала на фотаапараце пусты стадыён 10 снежня з 12 да 13 гадзін.
Праваабаронцы просяць у суда Бярозаўскага раёна прызнаць распараджэнне старшыні Бярозаўскага райвыканкаму сп. Ю. І. Наркевіча № 242 ад 02.12.2015 г. пра адмову ў правядзенні пікету 10 снежня 2015 г. у дазволеным райвыканкамам месцы неправамерным, парушаючым свабоду выказвання меркавання і права на мірныя сходы, гарантаваныя артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і зафіксаваныя ў артыкулах 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Яны просяць таксама спагнаць з Бярозаўскага райвыканкама заплочаную праваабаронцамі дзяржаўную пошліну і судовыя выдаткі.