Глеба Вайкуля “завалілі” на заліку
У студэнта 2-га курса філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у “Маршы студэнтаў” 2 снежня, падчас заліковай сэсіі склаліся праблемы са здачай аднаго заліка. Гэты залік, па словах хлопца, ставіўся ўсім студэнтам “аўтаматам”, але ён чамусьці стаў выключэннем.
Глеб Вайкуль два разы здаваў залік, і кожны раз выкладчык Таццяна Іванаўна Шамякіна яго не ставіла, спасылаючыся на недакладнасці і неправільныя фармуліроўкі. На трэці раз малады чалавек здаваў прадмет ужо камісіі:
“5 студзеня я здаваў залік камісіі з трох чалавек, у тым ліку там прысутнічала і Т. Шамякіна. Я адказаў на ўсе пытанні па білету, і два сябры камісіі былі згодныя з тым, што я валодаю інфармацыяй па прадмеце і мне можна паставіць залік. Але Таццяна Іванаўна казала, што я адказваў неправільна, задавала дадатковыя пытанні не па білету. Я адказваў і на гэтыя пытанні, але ў выніку, выкладчыца сказала, што хоча сустрэцца яшчэ раз на пераздачы. Я здзівіўся, таму што камісія – апошняя інстанцыя. Але я паверыў аўтарытэту выкладчыцы”.
Але пазней, інфармацыя пра пераздачу заліка камісіі не спраўдзілася, Глеб Вайкуль не змог датэлефанавацца да выкладчыка. А сёння пабачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў на адлічэнне.
Студэнт дакладна не можа звязаць няздачу заліку з удзелам у “Маршы студэнтаў”, але ён неаднаразова чуў з розных крыніц, што яго могуць адлічыць за актыўную пазіцыю і адкрытае выказванне свайго меркавання.
“Я рыхтаваўся да ўсіх залікаў і іспытаў, я быў упэўнены, што супраць мяне будуць правакацыі. Але спадзяваўся, што я здам усе іспыты. Аднак не чакаў, што мяне "заваляць" і гэта адбудзецца менавіта на заліку Таццяны Іванаўны Шамякінай”, - кажа Глеб Вайкуль і спадзяецца, што дэканат дазволіць пераздаць яшчэ раз.
Нагадаем, акцыя "Марш студэнтаў" прайшла ў Мінску 2 снежня. На ёй маладыя людзі патрабавалі ў адміністрацыі ўніверсітэта ўдзелу ў кіраванні ВНУ і адмены платных пераздач залікаў і іспытаў. Акцыя сабрала каля сотні ўдзельнікаў, падчас яе нікога не затрымлівалі, але на некаторых удзельнікаў былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.
У тым ліку быў складзены пратакол і на Глеба Вайкуля, пазней ён быў абвінавачаны па ч. 1 арт. 23.34 КаАП ““Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў” і асуджаны да штрафу ў 18 базавых велічынь.