Андрэя Гайдукова аштрафавалі на 2 базавыя велічыні за распаўсюд улётак
Распачатую супраць яго адміністрацыйную справу разглядаў намеснік начальніка наваполацкай міліцыі Уладзімір Быкаў. Актывіст вінаватым сябе не прызнаў і доказы міліцыі лічыць неабгрунтаванымі.
Нагадаем, 30 снежня на каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Андрэя Гайдукова быў складзены пратакол па ч.2 арт. 21.14 КаАП РБ (парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак пра кампанію “За якасную медыцыну”.
Да матэрыялаў справы міліцыянты далучылі сведчанні “жанчыны, якая пажадала застацца невядомай”: яна паказала, што 15 снежня бачыла “хлопца, які расклейваў улёткі”. З гарадскога аддзела міліцыі быў дасланы запыт камунальнікам, ці звяртаўся да іх хто-небудзь па дазвол на размяшчэнне ўлётак на адмысловых інфармацыйных стэндах, якія месцяцца ў дварах і каля пад’ездаў жылых дамоў. Адмоўны адказ з ЖЭС №1 таксама прыкладзены да справы. У ёй маецца і яшчэ адзін матэрыял, які Андрэй Гайдукоў лічыць цалкам недарэчным – гэта раздрукоўка артыкула з сайта http://bchd.info/, дзе размова ішла пра тое, што 21 снежня ў Наваполацку праходзіў збор подпісаў межах кампаніі“За якасную мэдыцыну”. Якое дачыненне гэта падзея мае да ўлётак, якія з’явіліся ў горадзе на тыдзень раней, хлопцу не патлумачылі.
Зараз Андрэй Гайдукоў разважае над тым, ці падаваць скаргу на рашэнне намесніка начальніка наваполацкай міліцыі:
“Штраф памерам 360 тысяч абскардзіць можа і не ўдасца. А судовая пошліна за зварот са скаргай у абласны суд таксама складае дзве базавыя велічыні – і з улікам таго, што базавая велічыня з 1 студзеня павялічыцца, мне давядзецца заплаціць ужо 420 тысяч. Найверагодней – дадаткова да штрафу”.
Месяц таму Гайдукоў ужо быў аштрафаваны — за тое, што 16 лістапада праводзіў у Наваполацку пікет, прысвечаны зьніклым палітыкам. Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым на падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП і пакаралі штрафам у памеры 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў).Зараз Андрэй Гайдукоў спрабуе абскардзіць пастанову Наваполацкага суда, разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.