Максіміліян Пякарскі: Для мяне графіці – гэта творчасць
Сайт palitviazni.info працягвае знаёміць з фігурантамі “справы графіцістаў”. Сёння пра сябе распавядае 24-гадовы Максіміліян Пякарскі.
Нагадаем, у гэтым месяцы Максіміліяну Пякарскаму падчас двухгадзіннага допыту паведамілі, што яго абвінавачваюць па крымінальнай справе, распачатай за графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці».
Праўда, абвінавачванне было перакваліфікаванае з артыкула 339 (частка 2) Крымінальнага кодэксу – «Хуліганства, здзейсненае групай асоб» на артыкул 341 КК «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». Гэты артыкул прадугледжвае штраф, грамадскія працы або арышт тэрмінам да 3 месяцаў.
З яго знятае абвінавачванне за псаванне білборда. Тым часам, Пякарскі настойвае на тым, што гэта адміністрацыйная справа, а не крымінальная, бо ніякага грубага парушэння грамадскага парадку сваімі дзеяннямі ён не выклікаў і шкода нанесена не вялікая.
– Нарадзіўся і вырас я ў Смаргоні, – распавядае Максіміліян Пякарскі. – Вучыўся ў звычайнай сярэдняй школе, але акрамя гэтага навучаўся яшчэ і ў мастацкай, дзе нават атрымаў дыплом. Пасля таго, як скончыў 9 класаў, паступіў у Маладзечанскі каледж на факультэт інфармацыйных тэхналогій, і сёння працую веб-дызайнерам. Мне 24 гады, і, дарэчы, апошні Дзень народзінаў я сустрэў у СІЗА на “Валадарцы”. Следчыя таксама своеасабліва “павіншавалі” – у гэты дзень выставілі абвінавачванне.
– Што ў дзяцінстве, юнацтве фарміравала ваш характар? Хто аказваў найбольшы ўплыў?
– Напэўна, маці найбольш паўплывала. Калі мне было 7 гадоў, бацькі развяліся, таму мной і маёй малодшай сястры займалася менавіта яна. Я з дзяцінства цікавіўся ўсім, чым толькі мог, чытаў шмат кніг, шмат назіраў… Пачаў заўважаць тую несправядлівасць, якая пануе ў грамадстве. А з несправядлівасцю, як вядома, альбо змагаюцца, альбо супрацоўнічаюць. У нейкі момант мною і было вырашана абраць шлях барацьбы.
— “Шлях брацьбы” праз графіці?
– Да графіці я прыйшоў некалькі гадоў таму. І асабіста для мяне гэта ў першую чаргу – творчасць. Напрыклад, карціны мастакоў выстаўляюцца ў галерэях за шалёныя грошы, але, як мне падаецца, мастацтва павінна належыць усім. Можна наўпрост звяртацца да гледача з дапамогай “вулічнага мастацтва”. Гэта ж найлепшы сродак данясення да грамадства светлых ідэй і выказвання сваіх ідэйных перакананняў.
– А вы ведалі, што за графіці можна адправіцца за краты? Што “данясенне ідэй” праз мастацтва можа прывесці да крымінальнай справы?
– Натуральна, не ведалі, што за малюнкі могуць распачаць крымінальную справу. Да таго ж, графіці былі намаляваныя ў закінутых месцах, дзе маёмасьць (сцены і пліты) ужо былі “пашкоджаны” – гэдак жа размаляваны і распісаны. У тым ліку, і не вельмі прыстойнымі словамі. Атрымліваецца, што нашыя акуратныя графіці дакладна не пагоршылі сцены, а нават зрабілі лепшым выгляд тых закінутых месцаў. Да таго ж, у дачыненні да дзесяткаў і сотняў іншых графіцістаў у тым раёне наогул не заводзіліся нават адміністратыўныя справы, а графіці не замалёўваюць гадамі. Паўтаруся, для мяне графіці – гэта ў першую чаргу творчасць.
– Да гэтага выпадку ў вас былі іншыя графіці? І, калі так, то чаму тады не было крымінальнай справы?
– Безумоўна, у мяне і раней былі графіці – на сацыяльную, нацыянальную тэматыку. І тады не было нават адміністратыўных спраў. А чаму зараз адбыўся такі рэзананс? Гэта нейкі абсурд.
Затрымлівалі нас сілавікі са зброяй, уляцеўшы ў вокны на вяроўках, як быццам яны “бралі” не мастакоў-графіцістаў, а нейкіх тэрарыстаў. Як казаў класік, усё было б так смешна, каб не было так сумна. Нас з Вадзімам Жаромскім пры затрыманні кінулі тварам у падлогу, адзелі кайданы, збівалі, ужывалі электрашокер. Пасля павезлі “па інстанцыях”. Варта ўзгадаць, што нават пасля вызвалення з турмы за намі працягвалі назіранне, асабліва перад выбарамі. Мы бачылі па некалькі супрацоўнікаў сілавых структур у двары нашага дома і нават ля пад’езда.
– Былі ж нават спробы абвінаваціць вас у распальванні варожасці і экстрэмізме. Ці не так?
– Так, на нас увесь час гэтым давілі псіхалагічна. У мастаках чамусьці вырашылі знайсці экстрэмістаў. Каму гэта было трэба? Я не ведаю. Не адзін раз аператыўнікі нават спрабавалі нас абвінаваціць у тым, што мы быццам бы сваімі дзеяннямі жадалі сарваць выбары. На іх погляд, чатыры чалавека здольныя былі з дапамогай графіці сарваць выбары. Скажыце – гэта нармальная логіка?
– Які вопыт вы атрымалі за 20 сутак знаходжання пад вартай?
– За гэты час зняволеньня я толькі ўмацаваў свае перакананні аб несправядлівасці ў нашай краіне. Пабачыў жудаснасць карнага апарату, яго метады і практыкі. Але ў той жа час жыццё за кратамі дало магчымаць інакш паглядзець на шматлікія рэчы. Пазнаць здрады і вернасць. Убачыць шчырую любоў блізкіх людзей і сапраўдных сяброў. Гэта бясцэнны вопыт.
– Вы, як і вашыя сябры і “калегі па няшчасцю”, таксама вегетарыянец?
– Так, я лічу, што несправядліваць можа быць у дачыненьні не толькі да людзей, але і да іншых жывых істот. Гэта пытанне сумлення, якога, на жаль, у нашым свеце не хапае. Жывёл я любіў з дзяцінства, таму перастаў разглядаць іх у якасці ежы і, тым самым, перастаў падтрымліваць індустрыю эксплуатацыі і забойства жывых істот. Вегетарыянец я ўжо сем гадоў.
– Якія захапленні ёсць яшчэ акрамя графіці?
– Захапляюся татуіроўкамі. Гэта для мяне, як хобі. Раблю татуіроўкі сябрам і пераважна на нацыянальную тэматыку. Таксама апошнім часам стаў захапляцца разьбой па дрэву. Падабаецца музыка, сам граю на электрагітары. З’яўляюся прыхільнікам здаровага ладу жыцця, абсалютна не ўжываю аніякіх затуманьваючых свядомасць рэчываў – наркотыкаў, алкаголю, не палю цыгарэты. Займаюся тайскім боксам.
– На ваш погляд, як людзі, грамадства адносяцца да графіці?
– Як апынулася, большасць людзей якраз-такі адносяцца станоўча. Але ж дзяржаўныя СМІ малююць свае карцінкі, з якіх вынікае, што графіцісты – нейкія злачынцы. Таму некаторыя ў грамадстве насамрэч да канца не разумеюць, што графіці – гэта ўсяго толькі адзін з відаў творчага праяўлення.
– Дарэчы, у іншых краінах такія ж забароны на графіці?
— У іншых краінах вулічнае мастацтва вельмі развітае, ім займаецца вялікая колькасьць людзей. Улады, калі і супраць, то максімальнае пакаранне – гэта штраф. Але ў той жа Еўропе шмат якія гарады ўпрыгожаны графіці. І да гэтага ставяцца як грамадства, так і дзяржава вельмі станоўча.
– Што зараз у вашых планах?
– Зараз працую, наладжваю асабістае жыццё, хоць з-за крымінальнай справы марнуецца шмат часу. Спадзяюся, што ў выніку праўда пераможа.