Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў скаргу грамадскага актывіста
22 снежня Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў касацыйную скаргу сьвіслацкага грамадскага актывіста Юрыя Глебіка. Удзельнік Дня памяці паўстанцаў 1863 году аспрэчваў пастанову галоўнага суддзі Сьвіслацкага раёну Аляксандра Шыліна, які 19 лістапада аштрафаваў грамадскага актывіста на 25 базавых велічынь. Юрый Глебік у сваёй скарзе і непасрэдна ў час яе разгляду даводзіў, што заканадаўства не парушаў, а неправамернымі былі дзеянні якраз сьвіслацкай міліцыі, таму пастанова раённага суда незаконная. Аднак суддзя абласнога судуУладзімір Яўхута падышоў да разгляду скаргі зусім фармальна і пасля абвешчання кароткага перапынку не задаволіў яе.
За апошнія 10 гадоў абласны суд не задаволіў аніводнай касацыйнай скаргі грамадскіх актывістаў на незаконныя пастановы судоў раённай інстанцыі.
Напомнім, што за прысутнасць на традыцыйным Дні памяці паўстанцаў, які прайшоў 31 кастрычніка ў Сьвіслачы і Якушоўцы, былі таксама аштрафаваныя Віктар Сазонаў, Эдвард Дмухоўскі, Уладзімір Хільмановіч, Вітольд Ашурак. Яны таксама склалі скаргі ў Гарадзенскі абласны суд. Іх “разгляд” пройдзе ўжо ў новым годзе.