Бялыніцкі раён: бюджэтнікам пагражаюць пазбаўленнем прэмій за невыкананне плану па здачы макулатуры і бутэлек
Супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый Бялыніцкага раёна абвязалі да наступлення Новага года ў абавязковым парадку здаць макулатуру, пластыкавыя бутэлькі і іншыя віды другаснай сыравіны. Калі даведзенае заданне па збору другаснай сыравіны не будзе выкананае, то адміністрацыі ўстаноў адукацыі абяцаюць пазбавіць настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячых садкоў прэмій.
Планы па збору другаснай сыравіны даведзены да кожнай арганізацыі і прадпрыемства Бялыніцкага раёна, а тыя, у сваю чаргу, даводзяць адпаведныя заданні да сваіх працаўнікоў. Асабліва вылучаюцца ў “змаганні” за другасную сыравіну так званыя бюджэтныя арганізацыі – заданне па збору пластыкавых бутэлек, макулатуры, шклабою даведзена да кожнага з працаўнікоў школ і дзіцячых садкоў, сацыяльных работнікаў, супрацоўнікаў МНС, устаноў культуры і г. д.
Зараз настаўнікі школ і выхавальнікі дзіцячых садкоў Бялыніцкага раёна звяртаюцца да бацькоў навучэнцаў, каб тыя дапамаглі ў выкананні даведзеных планаў, прынёсшы ў навучальныя ўстановы пластыкавыя бутэлькі і макулатуру. Тэхнічныя супрацоўнікі навучальных устаноў збіраюць другасную сыравіну самі, абыходзячы вуліцы і знаёмых, сацыяльныя работнікі просяць дапамогі ў выкананні даведзеных планаў ў пажылых людзей, за якімі ажыццяўляюць дагляд.
Рэзкую актывізацыю збору другаснай сыравіны напрыканцы года ў Бялыніцкім раёне звязваюць з адпаведным указаннем старшыні райвыканкама Мікалая Кадаценкі, які на адной з апошніх нарадаў нібыта паабяцаў, што кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія не выканаюць планы па яе нарыхтоўцы, будуць абавязкова пакараныя. Пасля гэтага ўжо адміністрацыі ўстаноў пачалі патрабаваць выканання даведзеных заданняў у абавязковым парадку ад сваіх працаўнікоў.
Многія з настаўнікаў і выхавальнікаў абураныя тым, што ад іх патрабуюць выконваць бязглуздыя, на іх думку, загады, прымушаючы выступаць у ролі прыбіральшчыкаў і нарыхтоўшчыкаў другаснай сыравіны. Яны мяркуюць, што нельга пагражаць пазбаўленнем прэміі за невыкананне заданняў, якія не ўваходзяць у лік іх прафесійных абавязкаў. Аднак усе свае меркаванні працоўнікі на ніве адукацыі Бялыніцкага раёна выказваюць толькі ў прыватных гутарках, пра нейкі галосны пратэст размова наогул не ідзе.
Таксама абураюцца даведзенымі заданнямі па нарыхтоўцы другаснай сыравіны і “мужныя” супрацоўнікі МНС, аднак неяк выказаць нязгоду свайму кіраўніцтву яны таксама чамусьці не рашаюцца.