Вынікі экспертызы: Агляд-хроніка «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» не мае прыкмет экстрэмізму (дакумент)
Яшчэ ў сакавіку 2015 года Ашмянскай мытняй было затрымана каля 40 асобнікаў кнігі Агляд-хроніка «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе», выдадзенай Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, якія перамяшчаў праз мяжу ў Беларусь смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.
Але толькі зараз у снежні, лістом ад 08.12.2015 намеснік начальніка Ашмянскай мытні па праваахоўнай працы Сцепаненка Д.Г. паведаміў, што паводле заключэння экспертнай камісіі ў дадзенай друкаванай прадукцыі няма звестак, якія ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізму.
Нагадаем, што ў жніўні і паўторна ў верасні Дзергачоў прасіў даслаць яму пастанову ад прызначэнні экспертызы. Аднак такая просьба была ігнаравана, пастанову так і не даслалі.
Парушыла Ашмянская мытня і Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь, які абавязвае дзяржаўныя ўстановы і органы даваць афіцыйныя адказы на мове заяўніка, а Дзергачоў пісаў свае звароты па-беларуску і звяртаў увагу мытні на парушэнне моўнага заканадаўства. Ашмянская мытня зноў даслала адказ па-руску і зноў з памылкай у прозвішчы Дзергачова.
Тым не менш, урэшце прынятае рашэнне на карысць праваабаронцы. Ашмянская мытня прапануе Алесю Дзергачову забраць кніжкі ў Ашмянах.