Ператрус у пацярпелага. Навошта?
Раніцай 10 снежня быў затрыманы актывіст антыфашысцкага руху з Белазерску Барыс Сычык.
Пра тое, як гэта адбывалася, паведамляе сайт abc-belarus.org:
"У 10.30 на працу да Барыса Сычыка ў Берасці прыехалі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі, каб ён зараз праехаў з імі. Сычык папрасіў іх прадставіцца. Тыя адказалі, што прадставяцца пазней, але потым адмовіліся.
Яго пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі, як у далейшым аказалася, дадому ў Белаазёрск рабіць ператрус. На яго пытанне на якой падставе ў яго дома будзе праведзены ператрус, адказ быў надзвычайны: «Кватэра належыць не табе, а тваёй маці, так што цябе не павінна (нецэнзурна) "хваляваць", на якіх падставах мы будзем яго праводзіць”.
Ператрус праводзіўся з санкцыі пракурора і ў гэтым дакуменце Барыс фігураваў як падазраваны па крымінальнай справе аб групавым хуліганстве. Затым Сычыка перавезлі ў Брэст, у апорны пункт №6, на вочную стаўку са сведкай здарэння. Там аказалася, што ён не падазраваны па справе, а пацярпелы.
Раней некалькі нацыстаў, якія на думку міліцыі напалі на Сычыка ў брэсцкай краме, былі затрыманыя, а затым адпушчаныя пасля складання пратаколаў.
Супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў выклікалі Сычыка без позваў, але ён адмаўляўся ісці на допыт. Потым дасылалі позвы неналежна аформленыя - без пячаткі. На дадзены момант, пасля ператрусу і вочнай стаўкі, абяцанняў пасадзіць яго ў СІЗА і іншых радасцяў жыцця, Барыса адпусцілі і ўручылі позву на 18 снежня".
Незразумела толькі, навошта было рабіць ператрус і што пад час яго маглі шукаць міліцыянты дома ў пацярпелага па справе антыфашыста?