Тэрмін утрымання пад вартай Шабнам Худайдодавай працягнуты яшчэ на 2 месяцы
Актывістцы апазіцыйнай таджыкскай арганізацыі “Група 24” Шабнам Худайдодавай у чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай у Берасцейскім СІЗА. Шабнам ужо шэсць месяцаў чакае рашэння па атрыманні статуса бежанца.
Яна была арыштаваная 15 чэрвеня 2015 года пры пераходзе беларускай мяжы. З дня арышту актывістка ўтрымліваецца ў следчым ізалятары горада Брэста. Яе затрымалі па запыце Таджыкістана, паколькі яна абвінавачваецца па артыкуле 37 Крымінальнага кодэкса Таджыкістана - «Адказнасць саўдзельнікаў злачынства».
Шабнам Худайдодава была абвешчаная ў вышук пасля высылкі з Расіі Максуд Ібрагімава, лідэра і заснавальніка арганізацыі «Моладзь Таджыкістана за адраджэнне Таджыкістана», члена кіраўніцтва кааліцыі апазіцыйных сіл «Новы Таджыкістан», у якую ўваходзіць і «Група 24». 20 студзеня ён знік у Маскве. Пра яго становішча да гэтага часу мала вядома. У студзені 2015 у доме Шабнам Худайдодавай быў праведзены ператрус, дапытвалі яе маці і ўсіх, з кім яна падтрымлівала адносіны ў Таджыкістане.
Апошнія гады Шабнам Худайдодава жыла ў Расіі. У сацыяльных сетках яна актыўна падтрымлівала крытычныя меркаванні палітычнай апазіцыі Таджыкістана, падкрэслівала неабходнасць дэмакратычных рэформаў у сваёй краіне.
У чэрвені 2015 г Худайдодава накіравалася ў Беларусь, каб звярнуцца ў офіс прадстаўніцтва УВКБ ААН за статусам бежанца.
Берасцейскія актывісты, якія перапісваюцца з Худайдодавай, паведамілі, што Шабнам неаднаразова звярталася да адміністрацыі СІЗА з просьбаю перавесці яе ў іншую камеру, стварыць элементарныя ўмовы для жанчын, якія не паляць цыгарэтаў. На гэта ёй адказалі, што не будуць для яе ствараць асаблівыя ўмовы.
Нядаўна ёй перадалі альбомы для малявання і алоўкі, паколькі Шабнам любіць маляваць, аднак пакуль яна сустракалася з адвакатам, аднакамерніцы раскралі гэтыя рэчы.
Праваабаронцы з Брэста заклікаюць людзей, неабыякавых да лёсу актывісткі, якая паўгады знаходзіцца ў зняволеннні, падтрымаць яе каляднай паштоўкай, альбо павіншаваць з Новым Годам.
Паштовы адрас:
Шабнам Худайдодава,
вул. Карла Маркса 86,
СІЗА,
Брэст, 224000.