viasna on patreon

Вечарына і фотавыстава да 30-годдзя “Талакі”

2015 2015-12-15T09:12:57+0300 2015-12-15T10:26:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vystava-sapagou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“100 фотаздымкаў найноўшай гісторыі Беларусі з архіву фатографа Уладзіміра Сапагова” – фотавыстава і творчая вечарына пад такой назваю адбудзецца ў Менску 22 снежня ў кнігарні “Галіяфы” (Траецкае прадмесце). Пачатак у 18-00.

Цікавы лёс гэтых фотаздымкаў. Фатограф Уладзімір Сапагоў ў 1980 гадах  супрацоўнічаў з незалежніцкім асяроддзем Беларусі і ніколі не развітваўся з фотаапаратам. Ён жыў у інтэрнаце Трактарнага заводу, быў самотным чалавекам і памёр некалькі гадоў таму. А калі ў інтэрнаце рабілі рамонт - пазбіралі і выкінулі ягоныя фатаздымкі. Ягоны сябар Міхаіл Мякіш здолеў уратаваць негатывы і пазітывы, якія аддала яму камендантка інтэрнату.

Як распавяла арганізатарка выставы, кіраўніца Цэнтру даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі Паліна Сцепаненка, “фотавыстава прысвечаная 30-цігодддзю моладзевага аб’яднання “Талака” і складаецца з фотаздымкаў разнастайных імпрэзаў, які ладзілася ўдзельнікамі нацыянальна-арыентаваных моладзевых арганізацый у 1985-1991 гады”.    

Шмат фотаздымкаў Уладзіміра Сапагова сёння можна адшукаць на сайце грамадскага вэб-архіва “Вытокі”.

Вечарыну будзе весці паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла, у 80-ыя гады – актыўны ўдзельнік Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Выступяць удзельнікі тых гістарычных падзей і сябры фатографа.

На вечарыне спявае Кася Камоцкая.

Уладзімір Сапагоў (04.07.1952-11.10.2012) – фатограф, нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці, выхоўваўся ў дзіцячым доме, вучыўся ў Маскве. Працаваў і на БАМе, і на кінастудыі “Беларусьфільм”, і на Трактарным заводзе. У 80-ыя гады 20-га стагоддзя далучыўся да адраджэнцкага руху. У 1998-2000 супрацоўнічаў з праваабарончым выданнем “Права на Волю”. Пахаваны сябрамі ў вёсцы Весніна Лагойскага раёну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства