Пенсіянерам забаранілі пікет у цэнтры Мінска
Мінгарвыканкам не дазволіў актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны правесці пікет у цэнтры сталіцы.
Пра гэта паведаміў заяўнікам намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.
Сваю адмову ён матываваў тым, што заяўка “не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5 і 9 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
У заяўцы за подпісамі 10 пенсіянераў зазначалася, што ў пікетаванні, запланаваным на 17 снежня за кошт асабістых сродкаў грамадзянаў, возьмуць удзел не больш за 15 чалавек.
Падчас пікетавання меркаваліся плакаты наступнага зместу: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Заяўнікі звярнулі ўвагу чыноўніцтва на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету дадзена грамадзянам артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Мінгарвыканкам, як орган выканаўчай улады, павінен забяспечыць рэалізацыю права грамадзян на правядзенне пікетавання і свабоднае выказванне меркавання ўдзельнікаў акцыі падчас яе правядзення, гаварылася ў заяўцы.
Яе аўтары адзначалі, што ў пікетаванні возьмуць удзел грамадзяне пенсійнага ўзросту, якія карыстаюцца павагай у грамадстве. Заяўнікі акцыі гарантавалі грамадскі парадак і бяспеку падчас правядзення пікету.
У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што артыкулы 5 і 9 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, на якія спаслаўся намеснік старшыні Мінгарвыканкаму, утрымліваюць шмат частак. “Паколькі ў адказе Ігара Карпенкі не названыя канкрэтныя часткі гэтых артыкулаў, нам не вядомыя матывы адмовы. Вось чаму мы лічым, што адказ Ігара Карпенкі незаконны, неабгрунтаваны і парушае нашы канстытуцыйныя правы”, — падкрэсліла юрыстка.