Фрылансеру з Бярозаўкі вярнулі тэхніку
11 снежня 2015 года супрацоўнікі Следчага камітэта горада Ліды вярнулі бярозаўскаму фрылансеру Юрыю Дзяшуку ўсю тэхніку, забраную падчас ператрусу ў жніўні 2015 года. Яшчэ амаль месяц таму супрацоўнікі Следчага камітэта вярнулі юнаку яго нэтбук, а 11 снежня дайшла чарга да прынтара.
Па словах Юрыя Дзяшука, падчас вяртання прынтара супрацоўнікі Следчага камітэта апыталі яго пра флэшмоб, які адбываўся 25 ліпеня ў Бярозаўцы.
У гэты дзень ля транспартнай прахадной шклозавода “Нёман” нехта склаў аўтамабільныя пакрышкі і раскідаў улёткі. Невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі.
Гэта было першае апытанне маладзёна па гэтай справе, хаця ў жніўні 2015 года ў сямі жыхароў Бярозаўкі дома адбыліся ператрусы.
У бліжэйшыя некалькі дзён у Следчы камітэт горада Ліды выклікалі на размову яшчэ некалькіх жыхароў Бярозаўкі.