Пракуратура перагледзіць справу гарадзенскага журналіста
Гарадзенская пракуратура вырашыла праверыць, ці з’яўляецца паклёпам і крымінальным злачынствам непраўдзівая інфармацыя пра журналіста-фрылансера Андрэя Мялешку, якая была размешчана на адным з сайтаў. Міліцыя Кастрычніцкага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Гродна месяц таму адмовіла журналісту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле „паклёп”. Кажа Андрэй Мялешка:
– Будзе весціся дадатковая праверка пракуратурай. Я палічыў гэта паклёпам, што прадугледжвае Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што людзі павінны адказваць за паклёп у інтэрнэце. Людзі выяўленыя – дзве асобы, адрас адной дзяўчыны ў Гародні нават быў пададзены, яна ўдзельнік групы УКантакце, якая распаўсюджвала гэтую інфармацыю пра мяне. Яна адміністратар групы УКантакце і на яе старонцы з’яўляліся матэрыялы, якія звязаныя з сайтам, пра які вядзецца размова.
Андрэй Мялешка – пакуль адзіны журналіст у Гародні, які спрабуе шукаць і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ачарняе гарадзенскіх актывістаў і грамадскіх дзеячаў у інтэрнэце.