viasna on patreon

Кухня TV: Падзеі ў Крыме – выклік для праваабарончай супольнасці на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза

2015 2015-12-03T18:24:00+0300 2015-12-03T10:18:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jurau-andrej-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік Крымскай палявой місіі па правах чалавека Андрэй Юраў.

Кіраўнік Крымскай палявой місіі па правах чалавека Андрэй Юраў.

Мінула даволі часу з сакавіка 2014 года, калі ў выніку рэзкага абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі пад выглядам жадання мясцовага народа Крымскі паўвостраў быў анэксаваны Расіяй і Рэспубліка Крым увайшла ў склад РФ. Улічваючы той факт, што тэрыторыя дагэтуль не прызнаная, там няма ні адной міжнароднай структуры, няма нават міжнародных НДА.

Як змянілася сітуацыя працы грамадзянскай супольнасці і ў якім стане знаходзяцца зараз грамадскія арганізацыі? Якія існуюць слабаабароненыя групы, што адбываецца з арганізацыямі нацыянальных меншасцяў? Якія механізмы абароны правоў грамадзян на тэрыторыі Крыму сёння даступныя і выкарыстоўваюцца?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у новым выпуску праваабарончага відэа-праекта «Кухня TV» кіраўнік Крымскай палявой місіі па правах чалавека Андрэй Юраў і намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Па словах Андрэя Юрава, сёння мала дакладных фактаў. Казаць пра тое, што ў Крыму існуюць сапраўды незалежныя СМІ, немагчыма, пры тым, што на паўвостраве ў сакавіку 2014 іх для такога невялікага рэгіёну было вельмі шмат. Усе ранейшыя праваабарончыя арганізацыі, як і незалежныя СМІ, вымушаныя былі пакінуць Крым.

Крымска-татарская супольнасць, таксама як і ўкраінскае грамадства, падзелена на тры часткі: тых, хто жорстка не прымае сітуацыю, якая склалася, тых, хто гатовы прыняць, і тых, хто чакае, што будзе далей.

У цяперашні час на паўвостраве дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі па прычыне пашкоджання ліній электраперадач. Нагадаем, у ноч на 22 лістапада ўвесь Крым быў пагружаны ў цемру, абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. Праз некалькі дзён пасля пачатку энэргетычнай блакады паўвострава, следчыя органы ФСБ у Крыму па прадстаўленні пракуратуры распачалі крымінальную справу па факце дыверсіі (ч. 2 арт. 281 КК Расіі). Па дадзеных пракурора, у следства падазраваных пакуль няма. Тым не менш, на думку грамадскага дзеяча, актывіста Ўкраінскага культурнага цэнтра ў Крыму Вельдара Шукурджыева пачаўся «новы віток рэпрэсій супраць крымскіх татараў і ўсіх тых людзей, якіх так званая дзеючая ўлада лічыць свабоднымі людзьмі – па духу, па думкам, па сэрцы, па сваіх дзеяннях».

Акрамя таго, пад крымінальным пераследам знаходзяцца мясцовыя актывісты па «справе 26 лютага», калі пад крымскім парламентам сабраліся некалькі тысяч прыхільнікаў крымска-татарскага Меджліса і «Рускага адзінства». Тады ў выніку сутыкненняў двое чалавек загінулі.

Крымская палявая місія па правах чалавека зьяўляецца не арганізацыяй, а групай праваабаронцаў. Мэта гэтай праваабарончай місіі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый з краін СНД – забеспячэнне маніторынгу сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека і асобных элементаў абароны правоў чалавека ў Крыме з дапамогай прысутнасці ў рэгіёне.

Андрэй Юраў з'яўляецца сябрам Рады пры Прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека (дзе ўзначальвае пастаянную камісію па правах чалавека за мяжой), заснавальнікам Міжнароднага Моладзевага Праваабарончага Руху, асноўнай місіяй якога з'яўляецца навучанне і падтрымка новага пакалення маладых праваабаронцаў. Фізік па адукацыі, выпускнік Варонежскага Дзяржаўнага Універсітэта, ён з 1988 года актыўна займаецца абаронай правоў чалавека.

Кухня TV: Падзеі ў Крыме – выклік для праваабарончай супольнасці на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства