viasna on patreon

Гомельская міліцыя вырашыла: калі мытнік лаецца матам -- гэта не правапарушэнне

2015 2015-11-26T18:20:42+0300 2015-11-26T19:48:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў адказ на свой зварот у аддзел унутраных спраў Гомельскага райвыканкама, накіраваны яшчэ ў верасні. Заяўнік прасіў міліцыю прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка Гомельскай мытні У. А. Ражкова, які пры праверцы на мяжы лаяўся матам. У верасні гомельскія журналісты Наталля Крывашэй, Кастусь Жукоўскі і грамадскі актывіст Уладзімір Кацора патрапілі пад пільны дагляд беларускіх мытнікаў на прапускным пункце «Новая Гута» па дарозе з Чарнігава ў Гомель. Пасля праверкі асабістых рэчаў іх пратрымалі на мытні хвілін сорак, пасля чаго накіравалі ў бокс паглыбленага нагляду. Прычым мытнік пры выкананні службовых абавязкаў лаяўся матам, што зафіксавана на аўдыё.

Адказ з РАУС за подпісам начальніка В. У. Краўцова датаваны 24 лістапада. «У дзеяннях супрацоўніка мытні У. А. Ражкова ў адносінах да Вас не ўгледжваюцца прыкметы складу адміністрацыйнага правапарушэння па артыкулах 17.1 і 9.3 КаАП (дробнае хуліганства, абраза), аднак угледжваецца парушэнне Дысцыплінарнага статуту мытных органаў», - адказалі з міліцыі. Мытнік, па інфармацыі міліцыі, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Варта дадаць, што хоць адказ і напісаны на беларускай мове, але ўтрымлівае шэраг граматычных памылак. Так, начальнік РАУС піша: «матэрыял праверкі быў прыпынены і возобнаўлен ва установленный законам тэрмін». А службовая праверка праводзілася «у стаўленні Ражкова У. А.».

«Міліцыя чарговы раз паказала, што яны жывуць па «панятках». Ёсць аўдыёзапіс, на якім прадстаўнік мытні лаецца матам, абражае мяне, спрабуе справакаваць канфлікт, ёсць сведкі такіх ганебных паводзін – а міліцыя не бачыць гэтага. Гэта проста здзек з заканадаўства», - пракаментаваў адказ Кастусь Жукоўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства