КПЧ зарэгістраваў скаргу гродзенскага праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча
Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч атрымаў пісьмовае паведамленне з Камітэту па правах чалавека ААН. Яму паведамілі, што ягоная скарга зарэгістраваная і прынятая да разгляду. Справа датычыць 2013 года, калі Уладзімір Хільмановіч быў аштрафаваны за фотаздымак з партрэтам А. Бяляцкага.
У студзені 2013 года суддзя Віталь Ляцко суда Ленінскага раёна Гродна аштрафаваў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча па абвінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванага пікета. У Дзень правоў чалавека 10 снежня 2012 года грамадскія актывісты сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага на вуліцы (на фота) і выставілі фотаздымак у інтэрнэт. Гэта было расцэнена як несанкцыянаванае мерапрыемства, была распачатая адміністрацыйная справа. Уладзіміра Хільмановіча абвінавацілі ў тым, што ён нібыта парушыў устаноўлены парадак пікетавання праз тое, што “знаходзіўся ў кампаніі грамадзянаў, якія трымалі партрэт асуджанага А. Бяляцкага, а таксама быў апрануты ў кашульку з яго выявай і надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму”.
Скаргі на нацыянальным узроўні былі разгледжаны з адмоўным вынікам, пасля чаго актывісты накіравалі скаргі ў КПЧ ААН.