viasna on patreon

Вынікі праверкі: Умовы ўтрымання ў Барысаўскім ІЧУ нездавальняючыя, але “грошай на рамонт няма”

2015 2015-11-16T15:07:00+0300 2015-11-16T15:27:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chviedaruk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Хведарук.

Зміцер Хведарук.

Зміцер Хведарук, адзін з заўзятараў зборнай Беларусі, якога затрымалі 12 кастрычніка на матчы ў Барысаве і пратрымалі амаль суткі у Барысаўскім РАУСе, паскардзіўся на ўмовы ўтрымання ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання. Адказ, які атрымаў актывіст з Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі, толькі падцвердзіў ягоныя словы пра жудасныя ўмовы, у якіх вымушаныя знаходзіцца людзі ў чаканні суда альбо пад арыштам:

“Пры аглядзе памяшкання камернага тыпу, – паведамляецца у адказе Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі Дэпартаменту фінанасаў і тылу МУС Беларусі, – было ўстаноўлена: “санітарна-тэхнічны стан камеры нездавальняючы, на стыку сцяны і столі каля вакон маюцца сляды вільгаці, санітарна-тэхнічнае абсталяванне крайне зношанае. Умывальнік няспраўны. У адным з двух вокнаў адсутнічае шкло. Ваконныя рамы зношаныя. Натуральнае асвятленне… недастатковае. Капітальны рамонт запланаваны на 2015 год, але ў сувязі з адсутнасцю фінансавання перанесены на больш познія тэрміны…

Па выніках маніторынгу, праведзенаму ў сувязі з вашым зваротам начальніку Барысаўскага РАУСа вынесенае прадпісанне аб выпраўленні парушэнняў, а таксама было ўказана на недастатковы кантроль за захаваннем санітарна-гігіенічнага і эпідэміялагічнага рэжыму ў камерах”.

Хведарук пасля суду паведамляў журналістам, што амаль суткі заўзятары адседзелі без пітной вады, бо вада ў камеры была жудаснай. У камеры было два забітыя акны, адна з шыбаў была разбітая, таму было надзвычай холадна, і яны не маглі нармальна заснуць. 

Нагадаем, 12 кастрычніка на “Барысаў-арэне” на матчы “Беларусь-Македонія” заўзятараў Зміцера Хведарука, Віталя Будзько і Юрыя Пархоменку затрымалі  з-за шалікаў з выявай гістарычнага герба «Пагоня», адвезлі ў мясцовы РАУС, а назаўтра прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве (арт17.1 КаАП) і прысудзілі да штрафу ў памеры 10 базавых велічынь штрафу (1,8 мільёны рублёў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства