viasna on patreon

ПЦ “Вясна” накіраваў у Вярхоўны суд запыт па справе Міхаіла Жамчужнага

2015 2015-11-12T16:43:57+0300 2015-11-17T14:58:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud_rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 лістапада Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіраваў на імя старшыні Вярхоўнага суда запыт адносна крымінальнай справы заснавальніка “Платформ інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага, судовыя паседжанні па якой праходзілі ў закрытым рэжыме.

У звароце праваабаронцы просяць Валянціна Сукалу “выказацца пра сутнасць крымінальнай справы ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага, характар звестак, якія з парушэннем устаноўленага законам парадку ён здабываў, устаноўленых прысудам матываў дзеянняў асуджанага, у межах, якія не пацягнуць разгалошвання ахоўваемых законам звестак”.  

Паводле аўтараў звароту, пералічаная інфармацыя паўплывае на ацэнку Праваабарончым цэнтрам "Вясна" абгрунтаванасці і матываў крымінальнага пераследу Міхаіла Жамчужнага і дазволіць зрабіць выснову, ці звязаны гэты крымінальны пераслед з яго праваабарончай дзейнасцю.

Сябры ПЦ “Вясна” прынялі рашэнне аб неабходнасці зрабіць дадзены запыт пасля таго, як 23 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў касацыйную скаргу асуджанага і, на патрабаванне пракурора, прыняў рашэнне аб павелічэнні на паўгады тэрміну зняволення.

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня бягучага году быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса - арт. 376 (ч.1, ч.2), арт. 375 (ч.1), арт. 431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару. Праз закрытасць судовага працэсу Праваабарончы цэнтр “Вясна” не мае дастатковай інфармацыі, каб даць ацэнку справе Міхаіла Жамчужнага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства