viasna on patreon

“Вясна” смуткуе з нагоды заўчаснага сыходу з жыцця Віктара Сырыцы (фотагалерэя)

2015 2015-11-09T22:33:30+0300 2015-11-09T22:33:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/syryca_viktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Сырыца

Віктар Сырыца

Сёння, 9 лістапада, каля 9 гадзін раніцы нечакана пайшоў з жыцця 62-гадовы грамадскі актывіст з Баранавічаў Віктар Сырыца. Былы выкладчык гісторыі, да 2006 года -- намеснік дырэктара эканоміка-юрыдычнага Баранавіцкага каледжа, доўгі час кіраваў Баранавіцкай суполкай Таварыства беларускай мовы, ён і ў свой апошні дзень жыцця ехаў у Мінск па грамадскіх справах.

Мікола Чарнавус, які быў побач у апошнія хвіліны жыцця Віктара Сырыцы, адзначае, што на Цэнтральным вакзале Баранавіч яны ўзялі квіткі ў два бакі. Віктар сябе пачуваў нармальна, але раптоўна, незадоўга да прыбыцця цягніка на Мінск, Віктар пахіснуўся і стаў падаць. Да яго падбегла жанчына-урач, якая павінна была ехаць у гэтым жа цягніку, і пачала ратаваць Віктара. Была выклікана хуткая. Рэанімацыйны аўтамабіль меў усе прыстасаванні для ратавання ад сардэчнага прыступу. Поўгадзіны медыкі рабілі ўсё, што магчыма, але не змаглі ўратаваць Віктара Сырыцу.

Віктар Сырыца быў апантаны гісторыяй і культурай. Ён ладзіў беларускія нацыянальныя святы, адраджаў памяць пра першую сусветную вайну, прымаў удзел у экспедыцыях па пошуку і прывядзенні ў парадак магіл салдат гэтай вайны, апекаваўся памятнымі мясцінамі бітваў каліноўцаў.

Для праваабаронцы з Баранавіч Сяргея Гоўшы Віктар быў лепшым сябрам.

--Колькі разам зроблена, колькі пройдзена. Разам стваралі Таварыства беларускай мовы, ператварылі старую кузню ў дыхтоўную сядзібу Таварыства беларускай мовы, дзе праходзілі розныя нацыянальныя памятныя даты. Сядзелі разам у клетцы ў міліцыі нібы за “лаянку матам”, пры гэтым ад Віктара ніхто не пачуў нават грубага слова ніколі. А колькі судоў прайшлі... Не давалі яму спакойна займацца нават культурніцкай дзейнасцю. Цяжка жылі ўвесь час, вельмі цяжка. На здароўе сябра ніколі не скардзіўся, хаця хварэў на цукровы дыябет. Быў ён не толькі адказным арганізатарам розных акцый і мерапрыемстваў, быў надзейным сябрам і добрым, дбайным мужам, цудоўным дзядуляй. У Віктара Сырыцы засталася жонка, дзве дачкі і трое ўнукаў. Цяжкая страта, вельмі вялікая. Я плачу.

Добрым словам успамінае Віктара Сырыцу праваабаронца з Бярозы Сяржук Русецкі. Яны з Віктарам сустракаліся на дэмакратычных мерапрыемствах. Русецкі ўспамінае 2006 год, калі Сырыца атрымаў забарону на прафесію. У Міністэрстве адукацыі дырэктару каледжа за тое, што навучэнцы прысутнічалі на сустрэчы з Мілінкевічам, сказалі: калі не звольніш Сырыцу, арганізуем пераатэстацыю, і вас усіх разгонім. Сырыца напісаў заяву сам. Палітычную і грамадскую справу не кінуў. І паколькі быў арганізатарам мерапрыемстваў, то яго грамадскасці, вядома, моцна будзе не хапаць.

Амаль 8 апошніх гадоў Віктар Сырыца быў адным з аўтараў сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна”, не толькі фіксуючы праваабарончыя падзеі ў Баранавічах, але і актыўна падтрымліваючы тых, каму была патрэбна дапамога. На працягу ўсяго зняволення былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіч ён разам з сябрамі апекаваўся ягоным бацькам Віктарам Паўлавічам. У апошнюю выбарчую кампанію Віктар Сырыца быў сябрам гарадской выбарчай камісіі і стаў адзіным, хто галасаваў супраць зацвярджэння выніковага пратакола і выказаў у ім асаблівае меркаванне, а таксама ўсемагчымымі сродкамі дамагаўся пакарання парушальнікаў выбарчага заканадаўства.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” смуткуе з нагоды заўчаснага сыходу з жыцця вельмі інтэлігентнага, высокапрафесійнага, шчырага і адданага справе Адраджэння Беларусі чалавека, сапраўднага патрыёта. Мы выказваем самыя шчырыя спачуванні сям’і, родным і блізкім Віктара і разам перажываем страту. У нашай памяці Віктар Сырыца назаўсёды застанецца шчырым, прыцыповым, здольным спачуваць і гатовым прыйсці на дапамогу.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства