“Працаваць і жыць з ім было адно задавальненне”
Праваабаронца “Вясны” Сяргей Гоўша з Баранавічаў падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Віктара Сырыцу, з якім, акрамя сяброўства, яго звязвалі і агульныя грамадскія справы.
Віктар Сырыца ў Баранавічах з’яўляўся галоўным арганізатарам шматлікіх культурніцкіх і грамадска-палітычных акцыяў, прымеркаваных да значных гістарычных падзеяў, юбілеяў і памятных датаў вядомых пісьменнікаў. Ён быў вядомы ў горадзе чалавек, які працаваў на дэмакратычную будучыню Беларусі, за што яму давялося паплаціцца.
“Напачатку Віктар быў выкладчыкам, пасля намеснікам дырэктара Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага каледжа. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года, калі ў кандыдаты вылучаўся Аляксандр Мілінкевіч, двое студэнтаў з яго групы пайшлі на сустрэчу з кандыдатам, сфатаграфаваліся там і выклалі здымкі ў інтэрнэце. Гарадскія ідэолагі тут жа спахапіліся, пачалі высвятляць і даведаліся, што гэта студэнты з групы Сырыцы. Дырэктара каледжа тут жа выклікалі ў Мінск да намесніка міністра адукацыі, дзе паставілі ўмову: альбо Сырыца звальняецца, альбо каледж не пройдзе атэстацыю і ўсе апынуцца за варотамі. Зразумела, Віктару давялося напісаць заяву на звальненне “па асабістым жаданні” і больш яму працоўнага месца ў Баранавічах не было. Ён вельмі любіў сваю працу, вельмі шкадаваў, што страціў магчымасць працаваць з моладдзю, і ўвесь час мне пра гэта казаў. Пасля ягонага звальнення я хадзіў да намесніка старшыні выканкама, прасіў выправіць несправядлівасць. Тады Віктару прапанавалі пасаду дырэктара Баранавіцкага краязнаўчага музея, паставіўшы перад ім умову – “кінь займацца палітыкай”. Аднак ён не здрадзіў сваёй грамадзянскай пазіцыі дзеля пасады”, - распавядае Сяргей Гоўша.
З агульных грамадска значных справаў Сяргей Гоўша прыгадвае будаўніцтва сядзібы Таварыства беларускай мовы, кіраўніком гарадскога аддзялення якога з’яўляўся Віктар Сырыца.
“Калі ўзяць Русіны [вёска ў межах Баранавічаў – рэд.], то мы, сябры ТБМ, распачыналі там будаўніцтва, але штосьці ў нас не атрымалася з праектам. І толькі дзякуючы арганізатарскім здольнасцям Віктара гэты будынак паўстаў, працуе, там ужо адбываюцца розныя імпрэзы…”
Дзейнічалі ў звязцы і падчас нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў: праваабаронца Гоўша – як назіральнік, грамадскі актывіст Сырыца – як сябра гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Літаральна ўчора ўвечары, па словах Сяргея Гоўшы, яны стэлефаноўваліся, каб абмеркаваць адказ з Баранавіцкага выканкаму аб тым, што гарадскія ўлады не жадаюць публікаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
“Віктар і не спадзяваўся, што можа патрапіць у склад гарадской выбарчай камісіі. Але, патрапіўшы туды, вельмі плённа папрацаваў. Ён выкрыў супрацьпраўную схему падвядзення вынікаў выбараў у Баранавічах, накіраваў скаргі ў Следчы камітэт і ў ЦВК, але ж ніхто не праводзіў разбіральніцтва па гэтых скаргах. Ён моцна перажываў з гэтай нагоды: як так, на яго вачах адбылося злачынства, але ніхто з уладаў не пашавяліў пальцам, каб пакараць злачынцаў. І гэта сядзела ў яго сэрцы…”
Па словах Сяргея Гоўшы, дэмакратычная супольнасць Баранавічаў страціла цудоўнага чалавека. Гісторыка, выкладчыка, грамадскага дзеяча і патрыёта сваёй Радзімы, які добра ведаў беларускую гісторыю, заўсёды змагаўся за праўду і адраджэнне культуры нашага народа.
“Чалавек вельмі адукаваны і вельмі інтэлегентны. Працаваць і жыць з ім было адно задавальненне”, - падводзіць рысу праваабаронца.
Жыццё Віктара Сырыцы абарвалася раніцай 9 лістапада – раптоўна спынілася сэрца. Яму было 62 гады.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Віктара Сырыцы.