Брэсцкі актывіст Андрэй Кавальчук абскардзіў у Следчым камітэце незаконнае затрыманне і збіццё
Паводле словаў самога актывіста, ён быў затрыманы міліцыянтамі ў ноч на 6 лістапада і збіты, пасля чаго адвезены ў пастарунак, але ніякіх пратаколаў аб правапарушэннях на яго пакуль не складалі.
Андрэй Кавальчук мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі адмыслова пад’ехала да яго і, удакладніўшы прозвішча, а таксама ўбачыўшы майку з выявай “Пагоні”, пачалі моцна збіваць. Пры гэтым міліцыянты ўжывалі кайданкі, а пасля адвезлі Кавальчука ў пастарунак, дзе пратрымалі прыблізна паўгадзіны. Хаця ў самім аддзяленні міліцыі пратакол на грамадскага актывіста не склалі, Андрэй не выключае, што нейкае абвінавачванне яму будзе прад’яўлена пазней.
Пасля вызвалення з пастарунку Андрэй Кавальчук паехаў у медычную установу, каб засведчыць нанесеныя пабоі, і напісаў адпаведную заяву пра здарэнне ў Следчы камітэт.
Як паведамлялася раней, 10 кастрычніка Андрэя Кавальчука разам з яшчэ трыма жыхарамі Брэста (Мікалаем Хатынюком, Глебам Грынбергам і Дзмітрыем Абрамуком) міліцыя затрымала ў аўтамабілі, калія яны ехалі ў Мінск на апазіцыйную акцыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Тады хлопцаў абвінавіцілі ў брыдкаслоўі, два дні пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а суд абыўся толькі з трэцяй спробы, бо на працэс не з’яўляліся сведкі з боку міліцыі. Урэшце, 30 кастрычніка суддзя Раман Карабан, пагадзіўшыся з міліцыянтамі, вырашыў прыпыніць справу “з-за малазначнасці правапарушэння”. Аднак Андрэй Кавальчук адразу заявіў, што мае намер абскардзіць гэтае рашэнне, каб дамагчыся свайго апраўдання.