Міліцыя шукае былога палітвязня Эдуарда Лобава
Як паведаміла сайту "Беларускага дакументацыйнага цэнтра" маці былога палітычнага зняволенага Эдуарда Лобава, магчыма, на яго пачалі новую крымінальную справу.
"Сёння, 4 лістапада, у 08:10 раніцы прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Шукалі Эдуарда. Хацелі зайсці ў кватэру і агледзець, але ордэра на ператрус у іх не было, я іх не пусціла. Пыталіся, калі апошні раз бачыла сына, і, дзе ён знаходзіцца. Сам візіт міліцыі нечаканым не быў, так як наведваюць яны мяне не першы раз. Але ў гэты раз здзівілі тым, што шукаюць яны Эдуарда за злачынства здзейсненае па арт. 206 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (рабаванне), а не па арт. 421 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду) і арт. 422 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду). Патлумачыць мне неадпаведнасць раней прад'яўленага абвінавачання і цяперашняга супрацоўнікі не змаглі. Сказалі, што ім далі паперы, і яны пайшлі шукаць. Так я пакуль і не ведаю, ці то гэта звычайны нізкі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў МУС і няведанне артыкулаў Крымінальнага Кодэкса, ці то на сына зноў сфабрыкаваная новая крымінальная справа ", - распавяла Марына Лобава.
Эдуард Лобаў разам са старшынёй «Маладога фронту» Дзмітрыем Дашкевічам быў затрыманы ў Мінску 18 снежня 2010 года - гэта было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень. 22-гадовы актывіст быў прызнаны вінаватым па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса - «асабліва злоснае хуліганства» і прысуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.