viasna on patreon

Працягваецца псіхалагічны ціск на галоўнага рэдактара газеты “НАШ Магілёў”

2015 2015-10-30T16:17:22+0300 2015-10-30T16:18:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/111barysauiharmahileucr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Пасля таго, як у міліцыі не атрымалася прыцягнуць Ігара Барысава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, ім занялася падаткавая інспекцыя. Падаткавікі заняліся следчымі дзеяннямі і апытваюць знаёмых, сяброў, а таксама іншых грамадзян, якія хоць некалі мелі справу з журналістам.

28 кастрычніка пачаўся чарговы этап псіхалагічнага ціску на сям’ю Барысава. На мабільны тэлефон жонкі Ігара -- Алены патэлефанаваў невядомы мужчына, які не прадставіўся, але назваўся старэйшым майстрам ТДА “Камунальнік” і сказаў, што яму неабходна патрапіць у кватэру, каб зрабіць сезонны агляд камунікацый. Калі атрымаў адмову, то пачаў спасылацца на тое, што трэба таксама праверыць, ці ёсць у кватэры перапланіроўка, а таксама ці стаяць пажарныя апавяшчальнікі. На ўсе свае просьбы ён атрымаў адмову.

-          Дадзенаму грамадзяніну я патлумачыла, што здагадваюся, з якой прычыны ён хоча патрапіць у нашу кватэру. Падчас далейшай размовы ён гэтага і не абвяргаў. Я яму ў катэгарычнай форме дала зразумець, што да нас у кватэру можна патрапіць толькі з санкцыі пракурора, - гаворыць юрыст Алена Барысава.

Вечарам Ігар і Алена прыехалі ў офіс ТДА “Камунальнік”, дзе папрасілі прадаставіць план, у адпаведнасці з якім адбываецца сезонны агляд кватэр, а таксама агляд пажарных апавяшчальнікаў.

-          Ніякіх планаў нам не паказалі, бо іх проста няма. Уцямнага тлумачэння таго, што яны хацелі ўбачыць у нашай кватэры, яны не далі. Мы апыталі больш за 10 нашых суседзяў, якія пражываюць у нашым доме, а таксама ў суседніх дамах, якія абслугоўваюцца ТДА “Камунальнік”, аднак ніхто з іх не прыгадаў, каб да іх хоць раз нехта прыходзіў з падобнай праверкай кватэр, тым больш, што ў нас няма ніякіх праблем ні з трубамі, ні з батарэямі, - гаворыць Ігар Барысаў.

Па выніках наведвання ТДА “Камунальнік” была напісана скарга ў кнігу скаргаў і прапановаў дадзенай арганізацыі. Трэба адзначыць, што камунальнікі выдалі кнігу скаргаў не па першым патрабаванні, чым парушылі закон. За выдачу кнігі скаргаў прыйшлося пазмагацца, што таксама было адлюстравана ў скарзе.

Нагадаем, што 12 сакавіка да Ігара Барысава прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Маючы санкцыю пракурора на агляд кватэры, яны забралі тры кампутары, мадэм, а таксама нататнік. Прычынай для візіту міліцыі стала скарга дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова, які палічыў, што ў адной з публікацый на сайце “НАШ Магілёў” на яго ўчынены паклёп.

Экпертыза кампутараў не выявіла датычнасць Барысава да напісання і размяшчэння гэтага артыкулу ў сетцы інтэрнэт, а лінгвістычная экспертыза не выявіла фактаў абразы Пятрова. Праверка ў межах крымінальнага артыкула “Паклёп” была скончана. Заведзеныя дзве адміністрацыйныя справы (парушэнне закона аб СМІ, а таксама атрыманне сродкаў на дзейнасць выдання з-за мяжы) былі таксама спынены.

Аднак запісы з нататніку Следчы камітэт перадаў у падаткавую, якая вырашыла скласці сумы, запісаныя ў ім, супаставіць іх з прыбыткамі, каб спагнаць падатак з сумаў у выпадку перавышэння прыбытку. Цяпер падаткавая інспекцыя разам з камунальнікамі спрабуюць высветліць матэрыяльны стан, у якім знаходзіцца сям’я Ігара Барысава. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства