viasna on patreon

Гродзенскія ўлады перашкаджаюць правядзенню Дня памяці паўстанцаў 1863 года

2015 2015-10-30T10:35:21+0300 2015-10-30T10:35:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akcyja-u-svislaczy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by

Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by

Правядзенню традыцыйнай акцыі на Гродзеншчыне “Дзень памяці паўстанцаў 1863-га года” перашкаджаюць улады. У апошнія выходныя кастрычніка ўжо больш за дваццаць гадоў запар ладзіцца гэтае мерапрыемства. На яго прыходзяць не толькі жыхары Свіслачы, але і прыязджаюць людзі з усёй Гродзенскай вобласці і не толькі. Наведваюць Дзень памяці і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі. Гэтае мерапрыемства адкрывае шэраг іншых, звязаных з ушанаваннем продкаў, з’яўляецца пярэдаднем Дзядоў.

   У Свіслачы грамадскімі актывістамі і краязнаўцамі была знойдзеная магіла Віктара Каліноўскага, роднага брата кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Віктар Каліноўскі быў ідэйным натхняльнікам свайго брата. На жаль, ён не дажыў да паўстання. Яго ж брат, нацыянальны герой беларусаў Кастусь Каліноўскі ўзняў паўстанне. Ён быў павешаны ў Вільні, а цела карнікамі было знішчана ці схавана так, каб беларусы не ведалі, дзе яно.

Дзень памяці паўстанцаў і ўсіх палеглых за Беларусь традыцыйна праводзіцца ў Свіслачы каля магілы Віктара Каліноўскага, каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Удзельнікаў Дня памяці неаднаразова затрымлівалі і судзілі, запалохвалі і перашкаджалі збірацца.

   У гэтым годзе перашкоды пачаліся загадзя. 29 кастрычніка гродзенскі аўтапарк адмовіў арганізатарам у прадстаўленні ўжо аплачанага аўтобуса.

   Кажа арганізатар аўтобуснага выезду ў Свіслач Уладзімір Хільмановіч: “Сёння мне патэлефанавалі з гродзенскага аўтапарка. Жанчына спалоханым голасам паведаміла, што аўтапарк не зможа забяспечыць нас аўтобусам, які быў замоўлены і аплачаны. Я асабіста замаўляў аўтобус на 28 чалавек на праезд у Свіслач на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Відавочна, што гэта рашэнне не аўтапарку. Такім чынам, улады імкнуцца перашкодзіць правядзенню фэсту памяці, калі напярэдадні Дзядоў людзі едуць у Свіслач і ўшаноўваюць нашых нацыянальных герояў”.

   Уладзімір Хільмановіч 29 кастрычніка наведаў аўтапарк і падаў скаргу на імя дырэктара. Зараз арганізатары шукаюць іншыя мажлівасці даезду ў Свіслач, каб аддаць даніну памяці нацыянальным героям. Варта дадаць, што летась Дзень памяці паўстанцаў 1863 года быў прызнаны Асамблеяй няўрадавых арганізацый рэгіянальнай падзеяй года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства