Прэмію імя Андрэя Сахарава атрымаў блогер з Саудаўскай Аравіі
Прэмію імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі” ў 2015 годзе атрымаў блогер з Саудаўскай Аравіі Раіф Мухаммад Бадаві, які знаходзіцца ў турме па абвінавачанні ў знявазе ісламу. Акрамя яго, кандыдатамі на прэстыжную прэмію Еўрапарламента (50 тысяч еўра) ў гэтым годзе былі Барыс Нямцоў і група прадстаўнікоў вэнэсуэльскай апазіцыі.
Пад час абвяшчэння імя лаўрэата старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц заклікаў караля Саудаўскай Аравіі вызваліць Раіфа Бадаві з турмы, каб ён мог асабіста прыняць узнагароду. Цырымонія уручэння адбудзецца 16 снежня. Раіф Бадаві прызнаны “Міжнароднай амністыяй” вязнем сумлення.
Раіф Мухаммад Бадаві (варыянт - Раеф Бадаві) нарадзіўся 13 студзеня1984 г., пісьменнік і грамадскі актывіст з Саудаўскай Аравіі; стваральнік сайта Free Saudi Liberals.
Быў арыштаваны ў 2012 годзе па абвінавачванні ў абразе ісламу і паўстаў перад судом па шэрагу абвінавачванняў, уключаючы ўчыненне вераадступніцтва. Ён быў асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі і да 600 удараў бізуном. У 2014 годзе яго зноўку прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі, штрафу і 1000 удараў бізуном.
Прэмія Еўрапарламента „За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава была заснаваная ў 1988 годзе для ўзнагароджваньня грамадзян і арганізацый, якія змагаюцца за правы чалавека, асноўныя грамадзянскія і палітычныя свабоды. Прадстаўнікі Беларусі двойчы станавіліся лаўрэатамі прэміі: у 2004 годзе узнагарода была прысуджаная "Беларускай асацыяцыі журналістаў", а ў 2006 яе атрымаў палітык Аляксандр Мілінкевіч.