Гомель: абласны суд адмяніў рашэнне раённага, які пакараў буйным штрафам інваліда за канфлікт з міліцыянерам
У Гомелі працягваецца судовы разгляд канфлікту мясцовага жыхара, інваліда другой групы Дзяніса Яўсеенка і яго суседа – супрацоўніка міліцыі.
Дзяніс Яўсеенка, бацька дваіх малых дзяцей, скардзіцца, што яго беспадстаўна забралі ў РАУС, збілі там, абражалі, а потым яго ж пакаралі штрафам у памеры 4,5 мільёны рублёў. Міліцыянер жа, Арцём Сюртукоў, з якім і ўзнік канфлікт, стаіць на пазіцыі, што Дзяніс парушаў грамадскі парадак і не падпарадкаваўся законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі.
Канфлікт пачаўся 26 верасня. Жыхар Гомеля гуляў са сваімі дзецьмі каля сваёй хаты на вуліцы 1-ы завулак Ільіча. Таксама малады мужчына праз плэер слухаў музыку, і падпяваў любімаму гурту. Справа толькі ў тым, што ў песнях выкарыстоўвалася нелітаратурная лексіка. Міліцыянер-сусед прапанаваў Дзянісу Яўсеенку прайсці з ім у РАУС, і той паслухаўся. Па словах жыхара Гомеля, у РАУС міліцыянер, які быў у цывільным, пераапрануўся ў форменнае абмундзіраванне, і склаў на яго пратакол за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Па словах маладога чалавека, у РАУС ён папрасіўся ў прыбіральню, але Арцём Сюртукоў адмовіў яму ў гэтым, прычым у грубай форме, а потым яшчэ і кайданкі адзеў на маладога чалавека, у якога эпілепсія, і мог здарыцца прыступ. Дзяніс Яўсеенка нешта запярэчыў, за што і атрымаў некалькі ўдараў. Пасля гэтых падзей затрыманага даставілі на экспертызу, якая паказала наяўнасць у крыві алкаголю. Малады чалавек сцвярджае, што выпіў піва – але ж ён знаходзіўся ў сваім двары і нікому не перашкаджаў, грамадскі парадак не парушаў.
Дзяніс Яўсеенка зняў пабоі і напісаў скаргі на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка міліцыі. Яго ўжо выклікалі ў Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту, дзе бралі паказанні і паведамілі, што праверка па дадзенаму факту працягнута.
29 верасня Навабеліцкі суд пакараў інваліда другой групы штрафам у памеры 4,5 мільёна рублёў за нібыта дробнае хуліганства, непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы і абразу службовай асобы. Дадзеную пастанову суду Дзяніс Яўсеенка абскардзіў у абласным судзе, і вышэйстаячая інстанцыя зараз адмяніла рашэнне раённага суду і накіравала справу на новы разгляд.
Жыхар Гомеля спадзяецца, што гэтым разам суд аб'ектыўна разгледзіць яго справу, а СК знойдзе парушэнне заканадаўства ў тым, што міліцыянер груба абыходзіўся з інвалідам – не пускаў у прыбіральню, біў яго і закаваў у кайданкі.