Касацыя па справе Міхаіла Жамчужнага ў Вярхоўным судзе пройдзе 23 кастрычніка ў закрытым рэжыме
23 кастрычніка Вярхоўны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу заснавальніка расфармаванай ПКАУ "Платформ инавэйшн" Міхаіла Жамчужнага ў закрытым рэжыме. Аднак ёсць верагоднасць, што грамадскасць і журналісты змогуць патрапіць на агалошванне рэзалютыўнай часткі судовага рашэння.
Пра гэта сябру ПЦ “Вясна” Таццяне Рэвяка паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага Суда Юлія Ляскова ў перапісцы ў Фэйсбуку.
Справа ў судзе першай інстанцыі слухалася ў закрытым судовым пасяджэнні (матыў - утрыманне сакрэтных звестак). У касацыі справа слухацца будзе ў закрытым судовым пасяджэнні з той жа прычыны. Рэзалютыўная частка будзе агалошвацца публічна
На ўдакладненне, ці зможа праваабаронца прысутнічаць на абвяшчэнні рэзалютыўнай часткі, прадстаўнік ВС патлумачыла, што ў межах сваёй кампетэнцыі дакладна сцвярджаць нічога не можа, аднак параіла: “прыходзьце і чакайце”.
Першапачаткова разгляд касацыйнай скаргі быў прызначаны на 6 кастрычніка, аднак быў перанесены. Пракурор унёс пратэст і патрабуе для Міхаіла Жамчужнага большага пакарання, чым было вынесенае судом першай інстанцыі. У адпаведнасці з заканадаўствам, у такой сітуацыі ў судовым паседжанні мусіць прысутнічаць сам асуджаны, які на той момант не быў этапаваны з Віцебску ў мінскае СІЗА №1.
Нагадаем, Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня бягучага году быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса - арт. 376 (ч.1, ч.2), арт. 375 (ч.1), арт. 431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару. Праз закрытасць судовага працэсу Праваабарончы цэнтр “Вясна” не мае дастатковай інфармацыі, каб даць ацэнку справе Міхаіла Жамчужнага.