viasna on patreon

“Шэсце нацыянальнага сцяга” ў Менску (Абнаўляецца + відэа)

2015 2015-10-10T18:13:00+0300 2015-10-10T22:34:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akc4_151010-7rlfa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота "Нашай Нівы".

Фота "Нашай Нівы".

Шэраг палітыкаў і грамадскіх дзеячоў заклікалі грамадзян прыняць удзел у мітынгу і шэсці 10 кастрычніка ў Менску. Людзям прапанавалі сабрацца на сталічнай плошчы Свабоды ў 17 гадзін, затым прайсці пад нацыянальнымі сцягамі да плошчы Якуба Коласа.

Прынамсі, былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты 2010 года Мікалай Статкевіч запрасіў прыходзіць на плошчу Свабоды каб выказаць сваё стаўленне да выбараў-2015 года, якія называе «балаганам, з якім усё зразумела».

Раней лідэры апазіцыі распаўсюдзілі спецыяльны зварот з нагоды запланаванага на 10 кастрычніка сходу. Яны заклікалі прыходзіць на акцыю з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі і стужкамі, крэатыўнымі плакатамі і ў вышыванках.

Адмыслова падрыхтаваныя назіральнікі ад праваабарончых арганізацый будуць весці маніторынг масавага мерапрыемства, вынікі якога з’явяцца на нашым сайце. ПЦ «Вясна» плануе весці рэпартаж з масавага мерапрыемства.
За падзеямі сачыце ў сацыяльных сетках па хаштэгах #ControlBY  #сход  

16-45. На Плошчы Свабоды пачынаюць збірацца першыя ўдзельнікі акцыі і журналісты. Сустаршыня БХД Павал Севярынец паведаміў, што акцыя будзе праходзіць пад лозунгам «За свабодныя і справядлівыя выбары». Уладзімір Някляеў размаўляе з журналістамі.

16-58. Супрацоўнікі міліцыі разам з намеснікам начальніка ГУУС Менгарвыканкама пільна правяраюць бэйджыкі у назіральнікаў, цікавяцца: адкуль?

17-00. У дварах каля Плошчы Свабоды - міліцыянеры ў цывільнай форме, 3 аўтобусы і шмат бусаў, форд з рашоткай і зверху відэакамеры. На плошчы разгортваюцца першыя сцягі. Назіральнікі налічваюць калі 350 чалавек. Прыйшлі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы палітвязень Мікалай Статкевіч. Ён пачынае прамову.

17-10. У дварах каля грузінскай амбасады - 2 аўтобусы з амапам і браніраваны аўтамабіль чорнага колеру. Шэсце рушыла ў бок Палаца Рэспублікі да Плошчы Якуба Коласа. Перакрылі вуліцу Інтэрнацыянальную, ідуць па вуліцы Леніна.

 

17-20. Каля універсама "Цэнтральны" - шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, Калона паварочвае на праспект Незалежнасці. У калоне каля 600 чалавек.

17-30. Калона моцна раздзялілася з-за светлафораў. Супрацоўнікі ДАІ патрабуюць чакаць зялёнае святло. Назіральніку хацелі забараніць весці фотаздымку міліцыянера, патрабавалі дакументы,але потым адчапіліся. 

Калона вельмі доўгая і расцягнутая, да ўдзельнікаў акцыі далучаюцца мінакі. Заўважна шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Кіроўцы аўтамабіляў вітаюць удзельнікаў шэсця сігналамі.

17-45. На плошчы Перамогі калона не пайшла падземным пераходам, пайшлі верхам праз вуліцу. ДАІ спрабуе спыніць пераход, аднак удзельнікі не звяртаюць на гэта ўвагі. Больш-менш дакладная колькасць удзельнікаў па падліках назіральнікаў на ўчастку ад маста праз Свіслач і Плошчай Перамогі – 864 чалавек.

18-00. На Плошчы Якуба Коласа удзельнікаў шэсця “чакае” каля 15-ці пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя з відэакамерамі. Збоку ад помніка Коласу - таксама "цывільныя". Плошча запаўняецца ўдзельнікамі мітынгу. 

18-15. У падземным пераходзе таксама пераапранутыя міліцыянты. Усяго налічылі 45-50 супрацоўнікаў міліцыі. Уладзімер Някляеў прапануе скончыць акцыяй малітвай за Беларусь. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Акцыя скончаная. Але шмат застаецца на плошчы і дагэтуль, прыкладна 400 чалавек.

“Шэсце нацыянальнага сцяга” ў Менску (Абнаўляецца + відэа)
Фота Радыё Свабода.
Фота Радыё Свабода.
Фота "Нашай Нівы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства