Адвакаты правоў чалавека пад пагрозай
Сетка дамоў правоў чалавека ўказала на праблему нарастаючых пагрозаў на адрас адвакатаў правоў чалавека і іх пераследу, і прадставіла абгрунтаванне неабходнасці ўзмацнення гарантый прадастаўляемай ім абароны ў справаздачы «Адвакаты правоў чалавека пад пагрозай: неабходнасць узмацнення гарантый аказання прававой дапамогі (на прыкладзе Азербайджана, Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны)».
Справаздача прадстаўлена 23 верасня ў Осла.
Справаздача грунтуецца на інфармацыі Сеткі дамоў правоў чалавека, а таксама ведах і вопыце выпускнікоў праграмы «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» (ILIA). Мэтай справаздачы з'яўляецца аказанне процідзеяння рэпрэсіям на адрас адвакатаў правоў чалавека і заахвочванне ўзмацнення абароны ў адпаведнасці з гарантыямі і імунітэтам.
«Адвакаты правоў чалавека - гэта і прафесійныя юрысты, і праваабаронцы. Гарантыі абароны адвакатаў, замацаваныя ў нацыянальным і міжнародным заканадаўстве, павінны быць выкананыя і рэалізаваныя. Разам з тым, гарантыі правоў чалавека павінны распаўсюджвацца на ўсіх, хто працуе ў сферы правоў чалавека, у тым ліку, на адвакатаў правоў чалавека. Мы абавязаныя абараняць іх права на ажыццяўленне юрыдычнай дзейнасці і прафесіі, паколькі менавіта гэтая праца робіць іх адвакатамі правоў чалавека», - адзначае Людміла Ульяшына, менеджэр праграмы ILIA.
Справаздача апісвае выпадкі пераследу вядомых адвакатаў правоў чалавека ў Азербайджане, Беларусі, Малдове, Расіі і Украіне і цяжкія наступствы гэтых рэпрэсій для адвакатаў і іх падабаронных што да магчымасці атрымання абароны ў выпадках парушэння правоў чалавека. Праца адвакатаў правоў чалавека перастае быць эфектыўнай і бяспечнай; парушаецца прынцып прыватнасці; парушаецца права кліента на абарону; падае давер да інструментаў абароны правоў чалавека і міжнародных судовых інстытутаў.
Справаздача падрабязна апісвае асобныя выпадкі рэпрэсіяў супраць адвакатаў правоў чалавека, напрыклад, Інтыгама Аліева, вядомага адваката правоў чалавека і заснавальніка «Таварыства прававой асветы» ў Азербайджане. Аліеў прысуджаны да сямі з паловай гадоў турэмнага зняволення паводле беспадстаўных абвінавачванняў. Да прысуду ён быў выключаны з Калегіі адвакатаў і падвергся рознаму бюракратычнаму і юрыдычнаму пераследу. На момант арышту Аліеў прадстаўляў шмат спраў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Абвінавачванні на яго адрас мелі мэтай прымусіць яго маўчаць і пазбавіць грамадзянаў Азербайджана права звяртацца ў пошуках справядлівасці ў суд.
«Мы ўстанавілі факты сістэматычных рэпрэсій у дачыненні да людзей, якія намагаюцца выкарыстоўваць права ў галіне правоў чалавека, і расправаў з адвакатамі, якія выкарыстоўваюць міжнародныя сродкі прававой абароны. Мы дэталёва апісалі гэтыя рэпрэсіі і распрацавалі рэкамендацыі для міжнародных арганізацыяў, урадаў, нацыянальных і міжнародных прафесійных органаў, асацыяцыяў юрыстаў і няўрадавых арганізацыяў», - працягвае Людміла Ульяшына.
Справаздача заклікае:
- узмацніць абарону прафесійных юрыдычных стандартаў на міжнародным узроўні;
- заахвочваць існуючыя гарантыі абароны адвакатаў правоў чалавека шляхам абароны іх правоў у якасці праваабаронцаў;
- пакласці канец умяшанню з боку дзяржавы і абмежаванняў магчымасцяў адвакатаў правоў чалавека прадстаўляць кліентаў, у тым ліку, ахвяраў парушэнняў правоў чалавека;
- выконваць прынцып незалежнасці калегій адвакатаў, выключэнне з якіх павінна быць толькі адміністрацыйнай мерай, накіраванай на забеспячэнне прафесійных і этычных стандартаў прафесіі;
- выконваць гарантыі і імунітэты адвакатаў правоў чалавека і іх роўнасць з гарантыямі і імунітэтам іншых прадстаўнікоў юрыдычнай прафесіі;
- забяспечваць адвакатам правоў чалавека роўны з іншымі адвакатамі ўзровень доступу да іх кліентаў і тую ж ступень прыватнасці іх зносінаў.
У спісе адвакатаў правоў чалавека, якія трапілі пад пераслед, значацца імёны такіх беларускіх юрыстаў як Алег Агееў (пераслед за заявы, зробленыя падчас выканання прафесійных абавязкаў), Леанід Судаленка (пераслед, рэпрэсіі і карныя меры за супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі), Павел Сапелка (выключэнне з Калегіі адвакатаў ), Тамара Сідарэнка (спыненне ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць Міністэрствам юстыцыі). Пры гэтым аўтары справаздачы адзначаюць, што ў шматлікіх згаданых у выданні выпадках адвакаты застаюцца неназванымі, паколькі яны асцерагаюцца магчымых наступстваў і пераследу.