Някляеў і Статкевіч заўтра выкліканыя ў суд
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч і экс-кандыдат Уладзімір Някляеў на 22 верасня выкліканыя ў суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Паводле яго слоў, абодва палітыкі цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі. «Ніхто ім у рукі позвы не ўручаў, яны за іх не распісваліся. Хутчэй за ўсё, яны ведаюць гэтую інфармацыю ад хатніх. Наколькі я ведаю, гэтыя апавяшчэнні з грубейшымі працэдурнымі парушэннямі», — распавёў Лябедзька.
Ён выказаў здагадку, што позвы ў суд дасланыя ў сувязі з правядзеннем 10 верасня каля ГУМа несанкцыянаванага пікету «За сумленныя і свабодныя выбары», у якім удзельнічалі Статкевіч і Някляеў. У дачыненні да абодвух палітыкаў тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Лябедзька не выключыў, што аналагічную позву могуць даслаць і яму, бо ён таксама быў на пікеце.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч пасля выхаду на волю 22 жніўня пастаўлены на прафілактычны наглядам тэрмінам на восем гадоў.