У Ельску затрыманы актывіст “ЕўраБеларусі” Аляксандр Рыбачэнка
Сёння ў Ельску Гомельскай вобласці прыкладна ў 16-00 супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандра Рыбачэнку. Ён, заўважыўшы ў райцэнтры ўлёткі, што заклікаюць да байкоту выбараў, паспрабаваў іх сфатаграфаваць. Гэта не спадабалася мясцовым міліцыянтам. Ягоныя сябры, якія прыехалі на выходныя разам з ім у суседні горад, спрабавалі датэлефанавацца да дзяжурнага Ельскага РАУСа, аднак там адказваюць, што праз тры гадзіны Рыбачэнку адпусцілі.
Між тым, ягоны тэлефон, на які дамагаюцца дазваніцца сябры, нехта метадычна скідвае уваходны званок.
Як паведаміла праваабаронцам Марыя Касьян, сябры спрабуюць высветліць лёс затрыманага.
Стала вядома, што актывіста сапраўды адпусцілі з РАУСа, прычым трымалі яго там больш за тры гадзіны. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не складаўся.