Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 31 жніўня – 6 верасня
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
- Завершаны збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты (да 1 верасня), праведзена праверка гэтых подпісаў; выканкамы пачалі прымаць рашэнні аб вызначэнні месцаў правядзення агітацыі; працягваецца працэс абскарджвання рашэнняў аб неўключэнні прэтэндэнтаў у склад УВК. Ні адна з такіх скаргаў пакуль не задаволена.
- Паводле дадзеных ЦВК, дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты падалі Аляксандр Лукашэнка, Таццяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч. Таксама прадставіў дакументы Віктар Цярэшчанка, які, па выніках праверкі ТВК, не змог сабраць неабходныя 100 000 сапраўдных подпісаў.
- Працэдура праверкі подпісаў ТВК часта была непразрыстай: назіральнікам адмаўлялі ў праве назіраць працэс адбору подпісаў для праверкі і саму праверку. Разам з тым некаторыя назіральнікі былі дапушчаныя назіраць за працэдурай праверкі подпісаў і выявілі недапрацоўкі камісій.
- Да назірання за выбарамі прыступілі міжнародныя доўгатэрміновыя назіральнікі СНД і АБСЕ. Прадстаўнікі Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі (ENEMO) на просьбу аб запрашэнні назіраць за выбарамі пакуль не атрымалі афіцыйнага адказу ад прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
- 31 жніўня пад падпіску аб невыездзе вызваленыя фігуранты так званай «справы графіцістаў» – Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі. Такім чынам, з улікам памілаваных 22 жніўня Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгенія Васьковіча, Арцёма Пракапенка і Юрыя Рубцова, усе асобы, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі, сёння на свабодзе. За справаздачны перыяд не зафіксавана фактаў пераследу журналістаў.
ВЫБАРЫ ПАВОДЛЕ ДАДЗЕНЫХ І АЦЭНАК ЦВК
Паводле дадзеных ЦВК, дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты падалі Аляксандр Лукашэнка, Таццяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч. Таксама прадставіў дакументы Віктар Цярэшчанка, які не змог сабраць неабходныя 100 000 сапраўдных подпісаў.
Пасля апублікавання ЦВК вынікаў праверкі падпісных лістоў стала вядома, што колькасць сапраўдных подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі склала 1 753 380 (здадзена 1 761 145), за Мікалая Улаховіча – 149 819 (здадзена 159 805), за Сяргея Гайдукевіча – 139 877 (здадзена 141 842), за Таццяну Караткевіч – 105 278 (здадзена 107 299). Ініцыятыўныя групы Віктара Цярэшчанкі здалі для праверкі 130 404 подпісы, аднак сапраўднымі з іх прызнаныя толькі 6 699.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай Цярэшчанкі. Яна лічыць, што ў гэтага прэтэндэнта магчыма і больш сапраўдных подпісаў, але праверкі паказалі, што «ў шэрагу рэгіёнаў члены ініцыятыўнай групы не збіралі подпісы, а на самой справе падраблялі, і частка падпісных лістоў з такімі подпісамі былі прадстаўлены ў выбарчыя камісіі».
ПРАЦА КАМІСІЙ
Адбыліся пасяджэнні ТВК па зацвярджэнні вынікаў праверак подпісаў у падпісных лістах, здадзеных ініцыятыўнымі групамі. Многія назіральнікі адзначаюць адсутнасць празрыстасці ў працы ТВК. Хаця некаторыя з іх напрыклад, Рэчыцкая і Светлагорская ТВК, дапускалі назіральнікаў да працэдуры праверкі, аднак большасць камісій рабілі праверку закрыта.
Назіральнікі адзначаюць цяжкасці ў працы з ТВК. Напрыклад, у ТВК Кастрычніцкага раёна г. Мінска «на пасяджэнні запрашаюць за паўгадзіны і ні пра што не паведамляюць». Назіральнік ТВК Ленінскага раёна г. Мінска сведчыць, што інфармацыя на сайце адміністрацыі абнаўляецца позна ці наогул не публікуецца загадзя. Практычна немагчыма весці працу з Жодзінскай ТВК, Слуцкай раённай ТВК, ТВК Маскоўскага і Ленінскага раёнаў г. Брэста і іншымі.
Кіруючыя службовыя асобы не хаваюць ад назіральнікаў свайго непасрэднага ўдзелу ў працы ТВК. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы Магілёўскага райвыканкама паведаміў назіральніку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», што хоць ён і не ўваходзіць у скад ТВК, усе дакументы, якія датычацца працы раённай камісіі, знаходзяцца не ў камісіі, а ў яго ў сейфе.
Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прысутнічаў на пасяджэнні Магілёўскай абласной ТВК, якое адбылося 2 верасня. Ён адзначае, што пасля заканчэння «абвесткі дня» – агалошвання вынікаў праверкі подпісаў, камісія выдаліла журналістаў і назіральнікаў і працягнула сваю працу ў закрытым рэжыме.
Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» накіравалі заяву пракурору Маладзечненскага раёна на парушэнне выбарчага заканадаўства ў частцы афармлення падпісных лістоў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Улаховіча і Сяргея Гайдукевіча. 22 жніўня на пасяджэнні Маладзечненскай раённай камісіі назіральнікі Эдвард Баланчук і Алесь Капуцкі заўважылі парушэнні ў тых падпісных лістах за згаданых асоб, якія не правяраліся камісіяй. Назіральнікі заўважылі, напрыклад, подпісы грамадзянаў з іншых раёнаў, асобаў з відам на жыхарства, даты падпісання ў некаторых лістах былі прастаўлены адной рукой. Графічнае падабенства подпісаў выбаршчыкаў выклікала сумненне ў іх сапраўднасці. Азнаёміцца з падпіснымі лістамі, адабранымі да праверкі камісіяй, назіральнікам не далі. У адказе за подпісам пракурора У. Дубоўскага ад 31.08.2015 № 186ж-15 назіральнікам паведамляецца, што па пытанні праверкі подпісаў яны маюць права звярнуцца ў Мінскую абласную камісію. Такім чынам, пракуратура Маладзечненскага раёна ўхілілася ад пракурорскага нагляду.
Некаторыя ТВК, напрыклад, у г. Гродна, правялі пасяджэнні, на якіх узгаднілі вызначаныя мясцовымі выканкамамі месцы правядзення ва ўведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў, якія будуць арганізоўвацца кандыдатамі і іх даверанамі асобамі. Таксама ўзгоднены месцы для агітацыйных матэрыялаў, памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі.
САЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ
2 верасня адбылася першая сустрэча каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з міжнароднай місіяй БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі, якая распачала сваю працу ў Мінску. Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак абмяняліся з прадстаўнікамі місіі АБСЕ меркаваннямі пра ход выбарчай кампаніі, прааналізавалі асобныя палажэнні выбарчага заканадаўства, узнялі пытанні аб практыцы яго прымянення. Асаблівая ўвага надавалася непасрэдна працэсу галасавання, падліку галасоў і судовым абскарджванні выбарчых працэсаў.
Назіральнікі кампаніі адзначаюць актыўнасць праўрадавых арганізацый БРСМ, РГА «Белая Русь», а таксама кіраўнікоў мясцовых органаў улады рознага ўзроўню. Паўсюль праводзяцца выязныя «гарачыя лініі», мясцовыя святы, падчас якіх кіраўнікі робяць справаздачы аб сваёй працы, выслухоўваюць грамадзян, ладзяцца культурна-відовішчныя мерапрыемствы.
Назіральнік з г. Глыбокае паведамляе, што практычна кожныя выходныя ў горадзе БРСМ арганізоўвае акцыі пад дэвізам «Мы – вместе!», на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі ўлады, выступаюць запрошаныя артысты. У г. Гродна каля трох тысяч удзельнікаў сабрала 4 верасня ў Лядовым палацы спорту грамадска-культурная акцыя з аналагічнай назвай, якая шырока асвятлялася ў мясцовых СМІ.
У той жа час мясцовыя выканаўчыя ўлады па-ранейшаму адмаўляюць грамадзянам у праве правядзення масавых мерапрыемстваў, у тым ліку і на выбарчую тэматыку. Улады г. Віцебска забаранілі сябрам партыі КХП БНФ правядзенне двух пікетаў, падчас якіх апазіцыянеры мелі намер заклікаць жыхароў г. Віцебска не галасаваць за грамадзяніна А. Лукашэнку, таму што ён балатуецца пяты раз на пост кіраўніка дзяржавы Рэспубліка Беларусь, што з’яўляецца парушэннем агульнадэмакратычнага прынцыпа абмежавання знаходжання аднаго чалавека ў якасці прэзідэнта краіны больш за два тэрміны запар.
У рэгіёнах дзяржаўныя СМІ практычна не асвятляюць выбарчую кампанію, у шэрагу раённых газет няма нават інфармацыі пра тое, колькі подпісаў сабралі ініцыятыўныя групы ў раёне. У газеце «Крычаўскае жыццё» (№ 66 за 2 верасня) няма ніводнага матэрыялу на тэму выбараў, у № 67 за 5 верасня невялікая перадрукоўка з БЕЛТА пад назвай «Папярэднія звесткі». Тое ж – у газеце Чэрыкаўскага раёна «Веснік Чэрыкаўшчыны» і іншых.
Дзяржаўныя СМІ публікуюць шмат матэрыялаў, якія расцэньваюцца як піяр улады і, адпаведна, галоўнага прэтэндэта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Газеты Брэсцкай вобласці публікуюць на першай старонцы вялікі артыкул па матэрыялах БЕЛТА пра рабочую паездку прэзідэнта ў Брэсцкую вобласць пад назвай «Прэзідэнт прагназуе паляпшэнне сітуацыі ў 2016 годзе». Газета «Крычаўскае жыццё» дае падрабязны рэпартаж з пачатку будаўніцтва школы, падчас якога пры ўдзеле віцэ-прэм'ера А. Калініна і старшыні Магілеўскага аблвыканкама У. Даманеўскага была закладзена мемарыяльная капсула. Асвятляецца семінар для саветаў ветэранаў з вобласці з удзелам памочніка прэзідэнта Г. Лаўранкова і іншых чыноўнікаў. У цэнтры ўвагі рэгіянальных СМІ таксама жнівеньская педканферэнцыя, акцэнтуецца ўвага на словах Лукашэнкі аб празмернай нагружанасці дзяцей у сучаснай школе.
АБСКАРДЖАННЕ РАШЭННЯЎ АБ НЕЎКЛЮЧЭННІ Ў СКЛАД КАМІСІЙ
Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў Салігорскім рэгіёне Леанід Мархотка звярнуўся да мясцовых уладаў з афіцыйным запытам аб прадстаўленні магчымасці азнаёміцца з пададзенымі дакументамі вылучаных у склад УВК кандыдатур. Просьба незалежнага назіральніка не была задаволена. У адказе старшыні райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага забарона на азнаямленне з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК абгрунтоўваецца тым, што ВК гэтага не прадугледжвае.
Суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргі Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і Мінскай рэгіянальнай арганізацыі Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» на адмовы ўключыць іх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Суддзя А. Бураўцоў не ўбачыў парушэння заканадаўства пры фарміраванні камісій. Таксама суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргі Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і Мінскай рэгіянальнай арганізацыі ГА БНФ «Адраджэньне» на адмовы ўключыць іх сяброў у склад УВК. На пасяджэнні суда прадстаўнік Салігорскага райвыканкама Аляксей Страпко спаслаўся на адсутнасць у асоб, якім адмовілі, досведу працы ў камісіях. У сваім рашэнні суд указаў, што склад абраных у камісіі асоб адпавядае прадугледжанай ВК квоце для палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
Валерый Міснікаў звярнуўся ў пракуратуру г. Віцебска са скаргай на выключэнне са складу УВК з-за ціску сілавых структур. Паводле заявы Валерыя Міснікава, рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска ад 26 жніўня 2015 г. яго ўключылі ў склад участковай выбарчай камісіі №17 ад Першамайскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Заўважым, што на пасяджэнні, падчас якога спадар Міснікаў быў уключаны ў склад УВК, прысутнічалі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і аднапартыйцы Валерыя Міснікава.
Астравецкі раённы суд адмовіў актывісту АГП Мікалаю Уласевічу ў задавальненні скаргі на дзеянні райвыканкаму па неўключэнні яго ў склад Варнянскай участковай камісіі №7. Суд Бярозаўскага раёна 31 жніўня не задаволіў скаргу Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ на прадмет неўключэння 5 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.
Суд Слуцкага раёна не задаволіў скаргу Партыі БНФ і ГА БНФ «Адраджэньне» і пакінуў без зменаў рашэнне Слуцкага раённага выканаўчага камітэта ад 26.08.2015 г. № 2838 «Аб стварэнні ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Паводле меркавання суда, неўключэнне апазіцыянераў у склад УВК не парушае правоў сяброў партыі і грамадскага аб’яднання БНФ. Суд адмовіўся рэагаваць на таемнасць і непразрыстасць працэдуры фарміравання камісій, спаслаўшыся на сваю неправамоцнасць.