viasna on patreon

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

2015 2015-08-28T12:42:32+0300 2015-08-28T16:34:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_bel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».

I АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

  1. 26 жніўня скончылася фарміраванне УВК, якія з'яўляюцца важным элементам выбарчага працэсу і непасрэдна ажыццяўляюць арганізацыю галасавання і падлік галасоў. Усяго было створана 6080 УВК, у іх склад увайшло 66.941 чалавек.
  2. У цэлым працэс фарміравання УВК істотна не адрозніваўся ад папярэдніх выбарчых кампаній.
  3. Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», як правіла, мелі магчымасць прысутнічаць на паседжаннях органаў, якія фарміравалі УВК. Аднак мелі месца асобныя выпадкі нядопуску прадстаўнікоў кампаніі на такія пасяджэнні.
  4. Пасяджэнні выканкамаў па фарміраванні УВК праходзілі ў атмасферы адноснай адкрытасці, але насілі выключна фармальны характар: рашэнні выканкамаў прымаліся без абмеркавання кандыдатур, вылучаных у склад УВК, галасаванне ў большасці выпадкаў праходзіла па ўсяму, загадзя падрыхтаванаму выканкамамі, спісу кандыдатур; як правіла, рашэнні прымаліся на працягу 15-30 хвілін.
  5. У большасці выпадкаў прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары», якія прысутнічалі на пасяджэннях па фарміраванні УВК было адмоўлена ў магчымасці азнаямлення з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК (58%).
  6. Пры фарміраванні УВК быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 515 вылучаных, у склад УВК увайшлі толькі 31 чалавек (6% ад вылучаных), у той час як з 3362 вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад УВК увайшлі 2 906 чалавек (86,4% ад вылучаных), а ад пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і прафсаюза ФПБ, у склад камісій увайшлі 23819 чалавек (92% ад вылучаных).
  7. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ў УВК склала 31 чалавек, альбо 0,046% ад агульнага складу членаў УВК, што ў пяць разоў менш, чым на папярэдніх выбарах прэзідэнта.
  8. Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў, робіць магчымым выбіральнасць падыходу пры іх фарміраванні. Адсутнасць дадзеных крытэрыяў гэтак жа робіць неэфектыўнай норму ВК, якая прадугледжвае магчымасць судовага абскарджання рашэнняў органаў, якія фарміруюць камісіі, аб адмове ва ўключэнні ў іх склад.

II ПРАВАВАЯ БАЗА

У адпаведнасці з арт. 27 Выбарчага кодэкса, падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта разам з тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі (ТВК), забяспечваюць участковыя выбарчыя камісіі (УВК). Менавіта УВК арганізуюць галасаванне, падлік галасоў і ўстанаўленне вынікаў галасавання на выбарчых участках, што робіць іх адным з ключавых механізмаў выбарчага працэсу. На этапе агітацыі УВК накіроўвае выбаршчыкам інфармацыю пра кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь; кантралюе на тэрыторыі ўчастка для галасавання захаванне правілаў размяшчэння агітацыйных матэрыялаў. УВК разглядае заявы і скаргі па пытаннях падрыхтоўкі выбараў, арганізацыі галасавання, падліку галасоў і прымае па iх рашэннi.

Як і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, УВК складаюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, якія вылучаныя ў склад камісій шляхам збору подпісаў.

Сваіх прадстаўнікоў могуць вылучаць:

- Кіруючыя органы абласных, Мінскіх гарадскіх, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах арганізацыйных структур палітычных партый, сходы іх першасных арганізацый, іншых грамадскіх аб'яднанняў; першасная арганізацыя палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання мае права вылучаць свайго прадстаўніка ва ўчастковую камісію таго ўчастка для галасавання, на тэрыторыі якога знаходзіцца першасная арганізацыя;

- Сходы размешчаных на тэрыторыі раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета працоўных калектываў арганізацый або калектываў іх структурных падраздзяленняў, якія налічваюць не менш за 10 працуючых:

- Не менш за 10 грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі; заява аб вылучэнні прадстаўніка ва ўчастковую камісію, што ўтвараюцца за межамі Рэспублікі Беларусь, павінна быць падпісана не менш чым трыма грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі ўчастка для галасавання.

Пры вылучэнні прадстаўніка ў склад адпаведнай камісіі пратакол сходу, пасяджэння або заява, падпісаная грамадзянамі, прадстаўляюцца ў органы, якія ўтвараюць камісію, не пазней чым за тры дні да ўсталяванага тэрміну стварэння адпаведнай камісіі.

УВК фарміруюцца раённымі, гарадскімі, выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым падзелам - мясцовымі адміністрацыямі ў складзе 5-19 членаў.

Суб'екты, якія вылучылі свайго прадстаўніка ў склад камісіі, маюць права абскардзіць рашэнне адпаведнага органа ў раённым, гарадскім судзе.

Магчымасці вылучэння ў склад УВК ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, як і раней, абмяжоўваюцца патрабаваннем наяўнасці арганізацыйных структур. Такім чынам, рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, якія не маюць арганізацыйных структур у абласцях, наогул пазбаўлены магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій.

III ПРАЦЭС ВЫЛУЧЭННЯ ПРАДСТАЎНІКОЎ У СЯБРЫ КАМІСІЙ

Фарміраванне УВК прайшло ў адпаведнасці з тэрмінамі, усталяванымі ВК і Каляндарным планам па арганізацыі выбараў.

Інфармацыя пра месца і час прыёму дакументаў была паўсюдна размешчана на сайтах выканаўчых камітэтаў у адпаведных раздзелах. Звестак аб парушэннях, звязаных з прыёмам дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў адпаведнымі суб'ектамі, не паступала.

Па дадзеных ЦВК, колькасць камісій скарацілася ў параўнанні з папярэднімі выбарамі з 6346 да 6 080. У іх былі вылучаныя 76 791 кандыдат. Па дадзеных ЦВК, з 15 зарэгістраваных у краіне палітычных партый сваіх прадстаўнікоў у склад УВК вылучылі 8, у тым ліку 4 апазіцыйных. З 3877 партыйных прадстаўнікоў 515[1] былі вылучаныя апазіцыйнымі партыямі і 3362 - партыямі, лаяльнымі да ўлады. Дзейнасць некаторых з гэтых праўладных партый у прамежках паміж выбарамі непрыкметная.

 32 213 прэтэндэнтаў у сябры УВК склалі вылучэнцы грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў. Пры гэтым усяго 5 арганізацый - ГА «Белая Русь», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын, і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў вылучылі 80,5% ад усіх прэтэндэнтаў ад грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў.

Ад грамадзян вылучана 28 964 прадстаўнікі, ад працоўных калектываў – 11 737 прадстаўнікоў. Структура прадстаўніцтва ў УВК у параўнанні з папярэднімі выбарамі прэзідэнта істотных змен не зведала. Асноўны суб'ект палітычнага жыцця - партыі - вылучылі 5% усіх прэтэндэнтаў у УВК.

IV. ПАСЯДЖЭННІ ОРГАНАЎ, ЯКІЯ ЎТВАРАЮЦЬ КАМІСІІ

Стварэнне УВК адбылося ў адпаведнасці з Каляндарным планам па арганізацыі выбараў - да канца дня 26 жніўня. Інфармацыя пра тое, калі і дзе будуць праходзіць пасяджэнні па фарміраванні складу камісій, была, як правіла, даступнай на сайтах адпаведных выканкамаў.

На некаторыя пасяджэнні папярэдне па тэлефоне былі запрошаны прадстаўнікі НДА і суб'ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

Паўсюдна назіралася фармальная працэдура ўтварэння УВК. Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, працягласць пасяджэнняў органаў, якія ўтвараюць камісіі, у многіх рэгіёнах назірання была мінімальнай. Абмеркавання складу УВК выканаўчымі камітэтамі ці мясцовымі адміністрацыямі, як правіла (у 88,1% назіраемых выпадкаў), не адбывалася; ў 93% назіраемых пасяджэнняў не прадстаўляліся прэтэндэнты і ім не давалася характарыстыка. Так, пасяджэнне выканкама Бярозаўскага раёна доўжылася 8 хвілін, за якія разгледжаны 489 кандыдатур; пасяджэнне Гродзенскага райвыканкама - 13 хвілін, за якія былі зацверджаны 448 сябраў УВК. За 15 хвілін адміністрацыя Чыгуначнага раёна г. Гомеля разгледзела 919 кандыдатур і ўключыла 843 чалавекі ў склад УВК. Як правіла, галасаванне адбывалася за ўвесь загадзя падрыхтаваны выканкамам спіс (у 88,9% назіраемых пасяджэннях).

Выключэнне склалі пасяджэнні па фарміраванні УВК, якія праходзілі ў адміністрацыях Кастрычніцкага (5 гадзін 40 хвілін), Першамайскага (3 гадзіны 26 хвілін) раёнаў  г. Віцебска, а гэтак жа Аршанскім (3 гадзіны 10 хвілін) раёне. Там сябры адміністрацый і райвыканкамаў спачатку галасавалі па кожнай асобнай кандыдатуры не ўключанай у склад кожнага стваранага УВК, а затым ужо за ўвесь спіс уключаных у склад камісій. Пры гэтым асабістыя якасці, як уключаных, так і не уключаных у склад УВК не абмяркоўваліся, прычыны адмоў ва ўключэнні ў камісіі не называліся.

Прадстаўнікі, якія прысутнічалі на пасяджэннях па ўтварэнні УВК, як правіла, не мелі магчымасці задаваць пытанні, ім не падаваліся для азнаямлення матэрыялы па вылучэнні ў склад УВК (пратаколы сходаў, заявы грамадзян) (у 58% выпадкаў).

Адсутнасць выразна сфармуляваных крытэрыяў, па-ранейшаму, дазваляе мясцовым органам улады фарміраваць УВК выключна сыходзячы са сваіх меркаванняў.

У некаторых выпадках назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці прысутнічаць на паседжаннях органаў, якія фарміруюць УВК. Прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары», у тым ліку, прадстаўнікам РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт» было адмоўлена ў прысутнасці на пасяджэнні Жодзінскага гарвыканкама, Полацкага, Глыбоцкага райвыканкамаў.

Таксама ў Віцебску назіральніка ад РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт» не пусцілі на пасяджэнне выканкама Віцебскага раёна, на пасяджэнне адміністрацыі Чыгуначнага раёна г.Віцебска, аднак ён змог бесперашкодна прысутнічаць на пасяджэнні адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска. Забаранілі прысутнасць назіральніка ад названага РГА і на пасяджэнні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Віцебска, аднак адначасова запрасілі яго туды як прыватную асобу.

У Глускім раёне кіруючая справамі райвыканкама не дазволіла прысутнічаць назіральніку ад РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт» на пасяджэнні райвыканкама, прысвечанаму фарміраванні ўчастковых камісій, якое павінна было прайсці 24 жніўня ў 14.00. Пра дату і час паседжання ён даведаўся выпадкова за паўгадзіны да яго пачатку з аб'явы, якая з'явілася 24 жніўня на сайце райвыканкама ў раздзеле "Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015».

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары» пасля пасяджэння Смаргонскага райвыканкама па фарміраванні ўчастковых камісій атрымаў магчымасць праглядзець дакументы па вылучэнні прэтэндэнтаў у склад камісій. Пры праглядзе дакументаў камісіі №6 высветлілася, што за прэтэндэнтаў Вайтко Т.В. і Шчабярака Т.А. падпісаліся адны і тыя ж выбаршчыкі: жыхар кватэры 12 дома ХХ па вул.Юбілейнай у Смаргоні фігуруе ў двух лістах. Начальнік аддзела выканкама заявіў, што назіральнік не мае права правяраць дакументы і выяўленыя абставіны не з'яўляецца парушэннем.

V СКЛАД СТВОРАНЫХ КАМІСІЙ

Усяго ў краіне сфарміравана 6080 УВК, а таксама 49 УВК - у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой. У склад 6080 УВК, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, уключаныя 66 941 членаў. Такім чынам, у склад камісій увайшлі 87,2% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў (76 791).

Крыху ніжэй сярэдняга па краіне ўзровень «праходнасці» прадэманстравалі кандыдаты ад чатырох партый, лаяльных да дзеючай улады (Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Аграрная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя). З 3362 прадстаўнікоў, вылучаных гэтымі партыямі, у склад УВК увайшлі 2906 чалавек, г.зн. 86,4%. «Праходнасць» прадстаўнікоў ад ГА «Белая Русь», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын і Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў аказалася значна вышэй сярэднестатыстычнай: з 25 419 прадстаўнікоў, вылучаных імі, у склад УВК увайшлі 23 689 чалавек (92%).

У той жа час з 515 прадстаўнікоў пяці апазіцыйных партый, вылучаных у склад УВК, у камісіі ўключаны толькі 31 чалавек, г.зн. 6% ад іх ліку. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года гэты паказчык быў амаль утрая больш - 17,1% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. У выніку прадстаўнікі апазыцыйных партый складаюць 0,046% ад агульнай колькасці членаў УВК і будуць працаваць не больш чым у 0,5% УВК.

Такім чынам, прадузятае стаўленне органаў, якія ўтвараюць УВК, да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый з'яўляецца відавочным: у сярэднім, толькі адзін з шаснаццаці прэтэндэнтаў ад гэтых партый трапіў у склад УВК, у той час як з кожных дзесяці кандыдатаў ад праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі трапілі дзевяць. У Мінску і ў Магілёўскай вобласці апазіцыйныя партыі ў УВК наогул не прадстаўленыя; па адным прадстаўніку апазіцыі ёсць на ўсе УВК Гомельскай (1070 камісій) і Гродзенскай вобласці (692 камісіі), два ў Мінскай вобласці (на 1032 камісіі).

Пяць арганізацый - ГА «Белая Русь», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын, і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, якія вылучылі 33,8% ад усіх прэтэндэнтаў, атрымалі 35,6% месцаў у камісіях. «Праходнасць» іх прадстаўнікоў склала 92%.

[1]Тут і далей - колькасць прадстаўнікоў ад Партыі БНФ суміруецца з колькасцю прадстаўнікоў ГА БНФ "Адраджэньне"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства