Сям’я Дубаносавых засталася без сродкаў для існавання
Днямі была звольнена з працы жонка актывіста кампаніі “Гавары праўду”, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Дубаносава -- Алена. Яна працавала загадчыцай прыватнай крамы “Мінская”. За час працы ніякіх прэтэнзій не было, жанчына сышла ў адпачынак і калі вярнулася, у першы дзень пачула: мы ў вашых паслугах не маем патрэбы. Чаму, гаспадар патлумачыць не змог, толькі ў вуснай форме паабяцаў выплаціць сярэдні заробак за 3 месяцы.
Праца Алены была адзіным сродкам для існавання сям’і звольненага гранітаўца. У сям’і двое дзяцей, якіх трэба адпраўляць у школу. На Алене вісіць доўг па выплаце нібы растраты з мінулага месца працы. Судовая справа па мінулым месцы працы была таксама больш чым дзіўнай. Яна ўзнікла адразу пасля ўдзелу яе мужа ў выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты гарадскога савета. Калі спачатку жанчыну апраўдваюць па ўсіх пунктах абвінавачвання, то пазней абвінавачванне вяртаецца.
Дубаносавы ўпэўнены, што такая сітуацыя з іх сям’ёй узнікла толькі пасля адмовы Леаніда выйсці з незалежнай прафсаюзнай суполкі на прадпрыемстве “Граніт”. Пасля чаго ён быў звольнены і не змог нідзе ўладкавацца на працы ў межах раёна. Леанід пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці. Публічна агучыў факты карупцыі ў горадзе і на “Граніце”, стаў сябрам ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч і збірае за яе подпісы.