viasna on patreon

Журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча аштрафавалі кожнага на 25 базавых велічынь

2015 2015-08-19T14:00:18+0300 2015-08-19T14:00:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzianisau-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

   У Гродне 19 жніўня завершыўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава (на фота) і Алеся Кіркевіча. Пастановай суддзі Ленінскага раённага суду Юрыя Казакевіча журналісты аштрафаваныя на 25 базавых велічынь кожны, што на сёння ў эквіваленце складае па 4 мільёны 500 тысяч беларускіх рублёў.

   Нагадаем, што 23 чэрвеня бягучага года журналісты працавалі падчас адкрыцця мастацкай выставы пад назвай “Лялькі”, якая арганізоўвалася пры ўдзеле консульства Літвы ў Гродне.

   На разглядзе справы ў судзе прысутнічаў толькі Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч знаходзіцца ў ад’ездзе і не змог з’явіцца ў суд. Паўторна былі выкліканы сведкі – гродзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч, які даваў інтэрв’ю, а таксама ягоная жонка Ірына Сільвановіч – дырэктар гарадской мастацкай выставачнай залы.

   Алесь Дзянісаў на разглядзе справы заявіў, што ён катэгарычна не згодны са складзеным міліцыяй адміністрацыйным пратаколам і прывёў важкія аргументы. Па-першае, ён не рабіў інтэрв’ю, а толькі відэаздымку на выставе “Лялькі”, што адбывалася ў гродзенскай выставачнай зале па вуліцы Ажэшкі. Па-другое, не выпускаў у эфір гатовы матэрыял. А сама галоўнае – што артыкул Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь 22.9 частка 2 (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі) не прадугледжвае адказнасці фізічных асоб, а прадугледжвае адказнасць рэдакцый як юрыдычных асоб. Аднак суддзя Юрый Казакевіч, які раней ужо штрафаваў гродзенскіх журналістаў Андрэя Мялешку, Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава, не ўзяў пад увагу гэтых аргументаў фрылансера і сваёй пастановай аштрафаваў абодвух фігурантаў справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства