Жыхары Бялыніч пратэстуюць супраць будаўніцтва крамы на тэрыторыі былых каталіцкіх могілкаў
Жыхары Бялыніч накіравалі ў мясцовы райвыканкам зварот, у якім выказалі сваю нязгоду з будаўніцтвам крамы мясцовага райспажыўтаварыства на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак. Пад зваротам паставілі свае подпісы 117 жыхароў Бялыніцкага раёна.
Ініцыятар збору подпісаў пад зваротам у райвыканкам, ураджэнец Бялыніч Вячаслаў Грыбайла кажа, што многія жыхары гарадскога пасёлка былі проста абураны, калі мясцовы райвыканкам дазволіў Бялыніцкаму райспажыўтаварыству пачаць будаўніцтва вялікай крамы на месцы былых каталіцкіх могілак. Асабліва абурыла бялынічан тое, што падрыхтоўчыя працы да будаўніцтва пачаліся без усялякага грамадскага абмеркавання, прычым чамусьці чыноўнікам закарцела пабудаваць краму менавіта на тэрыторыі былых могілак, хоць вольнай зямлі ў Бялынічах і без гэтага хапае. Між тым у Бялынічах і так практычна не засталося помнікаў гісторыі і культуры, хаця ў свой час у мястэчку існаваў вельмі прыгожы і велічны кляштар кармелітаў, будынкі якога былі знішчаныя ўжо ў пасляваенны час мясцовымі камуністычнымі ўладамі. Таму подпісы пад зваротам у райвыканкам за захаванне былых каталіцкіх могілак мясцовыя жыхары ставілі вельмі ахвотна.
Зараз будаўніцтва крамы на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак у Бялынічах часова прыпынена. Па неафіцыйнай інфармацыі, бялыніцкія ўлады будуць чакаць адпаведнай высновы гісторыкаў, ці ўяўляе гэта месца нейкую гістарычную каштоўнасць. Аднак бялынічане гатовы далей выказваць свой пратэст у выпадку працягу будаўніцтва крамы на месцы былых могілак.