Павел Сапелка каментуе рашэнне аб падаўжэнні нагляду Мікалаю Аўтуховічу
6 жніўня Ваўкавыскі раённы суд паўторна разгледзеў справу ад падаўжэнні прэвентыўнага нагляду былому палітвязню Мікалаю Аўтуховічу без ягонага ўдзелу . Сам Аўтуховіч пасля гіпэртанічнага крызу дагэтуль знаходзіцца ў мясцовым шпіталі.
Рашэнне аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду Мікалаю Аўтуховічу каментуе юрыст Павел Сапелка:
- Я неаднаразова заяўляў, што ўстанаўленне прэвентыўнага нагляду тым, хто ў поўным аб’ёме адбыў прызначанае пакаранне, не адпавядае прынцыпам, замацаваным у агульнай частцы Крымінальнага кодэкса: крымінальная адказнасць рэалізуецца ў асуджэнні з ужываннем прызначанага пакарання; з адтэрміноўкай выканання прызначанага пакарання; з умоўным непрымяненнем прызначанага пакарання; без прызначэння пакарання. Такім чынам, прэвентыўны нагляд, які прадугледжвае сур’ёзныя абмежаванні правоў, прызначаецца асобам, у дачыненні да якіх ужо ў поўнай меры рэалізавана крымінальная адказнасць.
У дачыненні да палітвязняў прэвентыўны нагляд выкарыстаны ўладамі ва ўсёй яго красе: некаторыя з вызваленых палітвязняў былі асуджаныя за парушэнні яго правілаў; хтосьці, баючыся незаконнага асуджэння, выехаў са сталіцы.
Калі год таму Мікалай быў вызвалены з турмы, ягоныя праблемы са здароўем настойліва патрабавалі кваліфікаванага медыцынскага ўмяшання. У поўным аб’ёме медыцынская дапамога магла быць аказана ў Мінску, аднак, каб выехаць у сталіцу, нават з рэкамендацыяй мясцовага лекара, спатрэбілася дзень за днём абіваць парогі райаддзела міліцыі: выехаць на лячэнне Аўтуховічу забаранялі, затое потым дазволілі … змяніць на час месца жыхарства на Мінск. Гэта дазволіла яму прайсці курс абследавання ў шпіталі.
Потым местачковыя праваахоўнікі паспрабавалі груба зляпіць у дачыненні да былога палітвязня абвінавачанне ў парушэннях правілаў валютных аперацый, але гэты прадукт іх фантазій ня прыйшоўся да густу нават мясцоваму суду, і ў судзе справа з трэскам развалілася.
Калі падышоў да канца год, на які Мікалай Аўтуховіч быў абмежаваны ў сваіх правах, міліцыя звярнулася ў суд з хадайніцтвам пра падаўжэнне прэвентыўнага нагляду. І пакуль суд і пракуратура самастойна вызначалі сваё стаўленне да праблемы, іх пазіцыя была адназначнай: паводзіны былога палітвязня на працягу года не давалі падстаў для задавальнення хадайніцтва РАУС.
Аднак, праз некалькі дзён усё кардынальна змянілася, і ў абласны суд быў накіраваны прыватны пратэст в.а. пракурора з патрабаванне пастанову суда адмяніць.
Тое, што адбывалася далей, інакш, чым пародыяй на правасуддзе не назавеш: спачатку Аўтуховіча пазбавілі права на абарону, правёўшы судовае пасяджэнне калегіі ў адсутнасць абранага ім абаронцы. Далей – больш. Ужо на наступны дзень у Ваўкавыскім судзе разгледзелі гэтую справу зноў і падоўжылі нагляд, бо гэта, відавочна, было вельмі важна для тых, хто прыглядае за Аўтуховічам пасля яго вызвалення. Суд не збянтэжыла нават адсутнасць героя падзей – раніцай таго дня Мікалай на «хуткай» трапіў у бальніцу. Вядома, у скарзе Мікалая і яго абаронцы будзе пералічана вельмі шмат розных парушэнняў, якія дапусціў, не саромеючыся, суддзя. Можна сыпаць цытатамі з закона, які павінен быў працаваць у інтарэсах грамадзяніна Беларусі. Але хочацца замест гэтага задаць пытанне: ці не сорамна?"
6 жніўня павінен быў завяршыцца тэрмін прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.
Павал Сапелка для palitviazni.info