У Клічаўскім раёне чыноўнікі тэрарызуюць заснавальнікаў БХД
У Клічаўскім раёне мясцовыя і абласныя ўлады тэрарызуюць людзей, якія паставілі свае подпісы за заснаванне Партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». Як распавяла каардынатар аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, ціску падвяргаюцца перадусім новыя людзі, якія раней не былі сярод заснавальнікаў БХД.
«Тых, хто некалькі разоў ужо быў заснавальнікам, не чапаюць», - адзначыла яна.
Так, на працу да заснавальніцы з вёскі Дзмітраўка прыехалі чыноўнікі з Клічава і Магілёва, якія выгналі з кабінету іншых супрацоўнікаў і фактычна ўчынілі ёй допыт. Жанчыну распытвалі, ці ставіла яна подпіс за заснаванне БХД; ці ведае і, калі так, то адкуль каардынатара БХД; колькі ёй заплацілі грошаў за подпіс. Таксама яны спрабавалі дыскрэдытаваць БХД, саму ідэю хрысціянскай дэмакратыі і кіраўніцтва аргкамітэту.
Апроч таго, прадстаўнікі ўладаў з падобнымі пытаннямі тэлефанавалі яшчэ аднаму заснавальніку і прыязджалі дадому да заснавальніцы, якая зараз знаходзіцца на пенсіі.
На жаль, нічога дзіўнага ў гэтых супрацьзаконных дзеяннях няма. Гэта звычайная практыка запужвання дэмакратычных актывістаў, спроба аказаць на іх ціск. Гэта адзін з пунктаў адказу ўладаў на паслабленні, якія заходнія палітыкі зрабілі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз скасаванне санкцый да датычных да рэпрэсій чыноўнікаў, шматлікія візіты і перамовы. Сітуацыя ні чым не адрозніваецца ад мінулых ад разоў. Яна ні на ёту не змянілася. Мы будзем абскарджваць гэтыя дзеянні ўладаў», - заявіў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
«БХД у Беларусі будзе зарэгістраваная. Калі не пры гэтым рэжыме, дык пасля таго, як яго не стане», - падкрэсліў палітык.