viasna on patreon

На “Магілёўхімвалакно” подпісы за Лукашэнку збіралі ў працоўны час і не члены ініцыятыўнай групы

2015 2015-08-03T13:56:47+0300 2015-08-03T13:56:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magileuhimvalakno.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляюць рабочыя прадпрыемства, пачатак збору подпісаў быў арганізаваны з 23 ліпеня. Напярэдані начальнікі ўсіх аддзелаў прадпрыемства давялі да ведама сваіх падначаленых інфармацыю аб тым, што неабходна прыйсці на працу з пашпартамі, бо ідзе збор подпісаў па вылучэнні прэтэндэнта ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, і неабходна ўсім паставіць подпіс у яго падтрымку.

Рабочыя таксама адзначаюць, што подпісы збіраліся выключна ў працоўны час. Паводле атрыманай інфармацыі, кіраўніцтва горада прыняло рашэнне ў Кастрычніцкім раёне Магілёва збіраць подпісы на прадпрыемствах, а ў Ленінскім раёне – рабіць абыход кватэр.

Спачатку грамадзяне ішлі неспяшаючыся, аднак, калі адміністрацыя прадпрыемства гэта заўважыла, то выкарыстала адміністрацыйны рэсурс, і людзей стала нашмат больш. Каб з усімі справіцца і зафіксаваць у падпісных лістах, да працы далучылі некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства, якія не з’яўляліся членамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

- Калі я падпісваўся за Лукашэнку, то падпісныя лісты не былі запоўненыя належным чынам. Пасведчанняў членаў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі мне ніхто так і не паказаў, як і не былі ўпісаныя прозвішчы ў падпісныя лісты таго чалавека, які збірае подпісы, - гаворыць рабочы прадпрыемства Пётр.

Тым часам рабочыя “Магілёўхімвалакно” задаваліся пытаннем, дзе і за каго акрамя Лукашэнкі можна паставіць свой подпіс і чаму ў падтрымку іншых кандыдатаў не збіраюць подпісы на іх заводзе.  На гэтыя пытанні ім так ніхто і не даў уцямнага адказу.

Трэба адзначыць, што на “Магілёўхімвалакно” працуе больш за шэсць тысяч чалавек. Прадпрыемства з’яўляецца найбуйнейшым у горадзе.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства