viasna on patreon

“Дармаед у дэкрэце” – новая сацыяльная фармацыя паводле Шульгана

2015 2015-07-31T12:46:32+0300 2015-07-31T13:09:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shulgan-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Шульган. Фота БелаПАН.

Юрый Шульган. Фота БелаПАН.

30 ліпеня, Юрый Шульган, які так і не змог стаць кандыдатам у прэзідэнты, разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлам Канавальчыкам падалі касацыйныя скаргі на пастанову суда Маскоўскага раёна Менска. 20 ліпеня суд аштрафаваў Юрыя Шульгана і ягонага паплечніка на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў кожнага „за нецэнзурную лаянку” па арт. 17.1 "Дробнае хуліганства".

Якое рашэнне было прынятае па другому пратаколу (арт. 17.3 "Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення"), яны дагэтуль ня ведаюць, паколькі адмовіліся ісці на другі дзень ў РУУС на разгляд справы без афіцыйнай позвы. А пачалася гэтая прыгода з паходу ў ЦВК.

Паход у ЦВК

Беспрацоўны Юры Шульган разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлам Канавальчыкам прынеслі 17 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Але іх не прапусцілі нават на тэрыторыю Дома ўраду – супрацоўнік аховы заявіў, што тут чарга, а потым, што яны знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, затым выклікаў начальніка службы аховы для вырашэння спрэчнага пытання. Начальнік службы аховы, які спачатку назваў сябе “прадстаўніком неабыякавай грамадскасці”,  пасля нядоўгіх перамоваў з Шульганом і Канавальчыкам выклікаў нарад міліцыі. Тыя паведамілі, што адвядуць прэтэндэнта ў прэзідэнты ў пастарунак для правядзення тэсту на алкаголь. Але адышоўшы крыху ад уваходу ў ЦВК, і Шульгана, і Канавальчыка з дапамогай трох АМАПаўцаў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

Пасля было медычнае асведчанне, якое нібыта паказала ўтрыманне алкаголю 1,8 праміле. Па словах Канавальчыка, гэтыя сляды алкаголю маглі застацца з вечара. Тым больш, што пры паўторным тэсце праз некалькі гадзінаў, ужо ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, узровень алкаголю ў крыві зменшыўся да 0,23 праміле, што выглядала даволі дзіўным. Прычым, у ЦІП у такім стане ап’янення, як правіла не змяшчаюць, а накіроўваюць у выцвярэзнік, а гэта таксама не было зроблена.

Чалавек без пашпарту

Але, ці толькі гэтая прычына спыніла прэзідэнцкія амбіцыі Шульгана? Вядома, што беспрацоўны Шульган – па-праву 5 год называўся “чалавекам без пашпарту”. Некалі ён быў выпісаны са свайго ранейшага адрасу – вёскі Мошкавічы Бярозаўскага раёна - без асабістай прысутнасці з фармулёўкай "з'ехаў па месцы вучобы".  І толькі за некалькі дзён да падачы дакументаў Шульган атрымаў новы пашпарт, аднак  без адзнакі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства. Дзеля аднаўлення ранейшай рэгістрацыі патрэбна было збіраць шмат дакументаў, звяртацца ў БТІ, а часу на гэта не заставалася. Не паспеў ён выкарыстаць і магчымасць дзе-небудзь зарэгістравацца, як кажуць, за грошы. Тады вырашылі нават і не здаваць у ЦВК тыя дакументы, але ў апошні дзень перадумалі, ды і сабралася сто чалавек, неабходных для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

“Дармаед у дэкрэце” – новая сацыяльная фармацыя паводле Шульгана

Балатавацца ў прэзідэнты Юрый Шульган вырашыў пасля выхаду Дэкрэта прэзідэнта № 3 ад 2 красавіка 2015 года "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".  “А чаму б і не, чаму б не зрабіць з гэтага шоу?” – задумаўся ён. Яго ідэю падтрымалі шматлікія сябры, музыкі, акторы. Пэўную дапамогу аказвала і Беларуская партыя "Зялёныя".  Быў заяўлены нават лозунг прэзідэнцкай кампаніі Шульгана «Калі жадаеш, каб прыйшла вясна, – галасуй за Шульгана». Таксама ён заяўляў журналістам,  што ў выпадку абрання яго прэзідэнтам “нашай афіцыйнай мовай будзе беларуская, а афіцыйнай сімволікай – беларуская сімволіка”.

Пачынаць без аніякага бюджэту выбарчую кампанію было крыху авантурыстычна, але аднадумцы спадзяваліся, што калі раптам ініцыятыўную группу зарэгіструюць – то будзе прасцей і з фінансавай падтрымкай, тым больш пэўныя знакі аб гэтым прагучалі. А ў выпадку рэгістрацыі групы з’явілася б легальная магчымасць праводзіць пікеты, сустрэчы з людзьмі, было б сапраўднае шоу і рэальная магчымасць аб’яднаць грамадзян, які выступаюць супраць закону аб дармаедах і жадаюць яго адмены. “Часцяком пад паняцце тунеядцаў падпадаюць людзі творчых прафесій, - кажа Шульган, - якія хаця і не “работаюць”, але працуюць на карысць грамадства”.

Што далей?

Пасля шматлікіх публікацый у СМІ Шульгана цяпер шмат хто пазнае на вуліцы, пры гэтым людзі прыязна вітаюцца, просяць зрабіць сумеснае сэлфі:

“Вось нядаўна пазналі ў пераходзе метро і папрасілі разам сфатаграфавацца – адразу чалавек дваццаць – студэнты, вулічныя музыканты. Многія пры размове кажуць: адзіны цікавы кандыдат мог бы быць, за яго і галасы б аддалі”- прызнаецца ён.

Юрый Шульган днямі заявіў, што цалкам з грамадскага жыцця сыходзіць не збіраецца, плануе зрабіцца незалежным назіральнікам на выбарах прэзідэнта, будзе цікавіцца, як праходзіць збор подпісаў на пікетах, правядзе маніторынг грамадзянскай актыўнасці.

 “У яго наперадзе вельмі вялікі кавалак працы”, - кажа кіраўнік ягонага выбарчага штабу Павел Канавальчык.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства