Суд па справе Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча перанесены
На дапрацоўку дасланыя адміністрацыйныя справы супраць сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, гарадзенцаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча за сюжэт на тэлевізійным канале „Белсат”.
Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 22,9 частка 2 – незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Пра прычыну пераноса судовага разбіральніцтва распавядае Алесь Кіркевіч:
- Нашыя дакументы з Дзянісавым па нашай справе на дапрацоўку ў міліцыю назад накіравалі ў сувязі з тым, што міліцыя не дапрацавала і не дадала да справы галоўны дакумент з Міністэрства юстыцыі пра тое, ці маем мы з Дзянісавым акрэдытацыю. Гэта недапрацоўка супрацоўнікаў міліцыі, якая прымусіла суд адкласці разгляд нашай справы.
Судовым разбіральніцтвам супраць журналістаў фрылансэраў займаецца вядомы сваімі палітычна-матываванымі працэсамі суддзя Юры Казакевіч.