У Рагачове супрацоўнікі ДАІ перашкаджалі праводзіць пікет па збору подпісаў у падтрымку Сяргея Калякіна
У Рагачове ўжо пяць дзён сябры партыі левых «Справядлівы свет» праводзяць пікеты па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Калякіна. Апошнія тры дні «калякінцы» праводзілі пікет у цэнтры горада, непадалёк ад рынку. Сёння, 30 ліпеня да зборшчыкаў подпісаў падышоў супрацоўнік ДАІ і запатрабаваў не праводзіць тут пікет, перамясціцца ў іншае месца. Па словах удзельніка пікету Міхаіла Міронава, даішнік патлумачыў, што зборшчыкі подпісаў стаяць на адлегласці 2,5 метра ад праезджай часткі, і, маўляў, не трэба, каб тут збіраліся людзі, бо некаму можна стаць блага, і ён зваліцца на праезджую частку. «Мы нікому не перашкаджаем, - так і сказалі супрацоўніку ДАІ, і маем права тут стаяць, тым больш натоўпу людзей каля нашага пікету не назіраецца, добра, калі адзін подпіс у гадзіну нехта паставіць. Супрацоўнік ДАІ дадаў, што яго паслаў з намі разабрацца дзяжурны з РАУС», - патлумачыў Міхаіл Міронаў.
Пікет працягнуўся далей, а супрацоўнік ДАІ сышоў і пакуль не вяртаўся.
Па словах Міхаіла Міронава, у Рагачове на пікетах мала збіраецца подпісаў, значна больш – па кватэрах.