Па факце флэш-мобу ў Бярозаўцы распачата крымінальная справа
Следчы камітэт Лідскага раёну распачаў крымінальную справу па факце правядзення ў горадзе Бярозаўка флэш-мобу. 25 ліпеня бягучага года невядомы чалавек ў масцы каля транспартнай прахадной шклозаводу “Нёман” склаў аўтамабільныя пакрышкі, пакінуў побач бутэлькі з невядомай вадкасцю, запаліў дымавыя шашкі. Таксама былі раскіданыя ўлёткі з тэкстам “Зачыняй … уёвую вату”. Замест першай літары быў намаляваны значок чэрапа з касцямі. Усё гэта здымалася на відэа іншым чалавекам.
Прычынай такога флэш-мобу паслужыла па ўсёй верагоднасці тое, што сёлета на шклозаводзе “Нёман”, які знаходзіцца ў цэнтры Бярозаўкі, была запушчана вытворчасць шкловаты, пры вырабе якой выкарыстоўваюцца шкодныя рэчывы. Гэта выклікае незадаволенасць многіх жыхароў гораду.
Крымінальная справа пачатая па артыкуле 339 частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – хуліганства, здзейсненае паўторна альбо групай асобаў. Паводле кодэксу, па гэтым артыкуле прадугледжана пакаранне арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да 3 гадоў, альбо пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
Пакуль вядома, што ў Бярозаўцы ўжо праведзены два ператрусы. Адзін з іх прайшоў у кватэры, дзе пражывае грамадскі актывіст Вітольд Ашурак. З кватэры былі забраныя кампутар, прынтар і флэшка.