Матэрыялы справы Вольгі Нікалайчык зноў адправілі на дапрацоўку
Сёння а 18 гадзіне скончыўся суд над Вольгай Нікалайчык за акцыю каля Расійскай амбасады. Суддзя Лапко М. Мінскага гарадскога суду адправіў справу на дапрацоўку з перанакіраваннем да іншага суддзі.
Такое рашэнне суддзі фактычна можна расцэньваць як адмову ад разгляду справы. Аднак, пашпарт Вользе Нікалайчык аддалі.
Акрамя таго, цікава адзначыць, што перад пачаткам працэсу суддзя выгнаў з залі паседжання журналістаў, якія праводзілі здымкі да пачатку працэсу. Такая рэакцыя суддзі на прафесійную дзейнасць журналістаў дэманструе няведанне працэдуры здымак у судзе.
Нагадаем, 29-га красавіка рэжысёрку Вольгу Нікалайчык затрымалі каля амбасады Расейскай Федэрацыі, калі яна і актывістка Кацярына Садоўская праводзілі перфоманс супраць прыезду байкераў з клуба «Начныя ваўкі» у Беларусь. 26 траўня жанчын абвінавацілі ў брыдкаслоўі і супраціве міліцыянтам, за што прысудзілі 13 сутак адміністрацыйнага арышту (Вользе Нікалайчык) і штраф у амаль 11 млн рублёў (Кацярыне Садоўскай). Пасля прысуду грамадскую дзеячку не затрымалі, аднак міліцыянты дагэтуль не вярталі ейны пашпарт, які забралі пасля перформансу.