viasna on patreon

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Іллі Дабратвора

2015 2015-07-10T15:57:13+0300 2015-07-10T16:04:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dabratvor_u_viasnie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Дабратвор. Фота ПЦ "Вясна".

Ілля Дабратвор. Фота ПЦ "Вясна".

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру "Вясна", днямі Ілля Дабратвор атрымаў паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН пра рэгістрацыю яго скаргі на парушэнне права актывіста на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў.

Ілля Дабратвор 30 снежня 2013 года знаходзіўся каля памятніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску, насупраць амбасады Украіны ў Беларусі, і трымаў дзяржаўны сцяг Украіны. Гэтым дзеяннем грамадскі актывіст хацеў выразіць салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу на яго шляху да еўрапейскай інтэграцыі. За гэта праз 12 дзён Ілля Дабратвор быў затрыманы і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Суд Цэнтральнага раёна г.Мінска пакараў яго штрафам у 8 базавых велічынь за “Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства” (арт. 23.34 КаАП).

Грамадскі актывіст не склаў рук: падаў скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна г.Мінска ў Мінскі гарадскі суд, а потым і ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Скаргу яго абодва суды адхілілі, а рашэнне аб адміністрацыйным правапарушэнні пакінулі без зменаў. Такім чынам, Ілля Дабратвор прайшоў вычарпаў усе сродкі ўнутраннай прававой абароны ў спробе адстаяць сваі правы, на што патраціў амаль год.

9 верасня 2014 года ён падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ), у якой звяртаў увагу на парушэнне яго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркавання і папрасіў:

  • прызнаць яго ахвярай парушэння дзяржавай-удзельніцай яго правоў прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах;
  • указаць дзяржаве на неабходнасць перагляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама выплаце кампенсацыі ў суме не менш памеру штрафу і сумы судовых выдаткаў;
  • указаць дзяржаве на неабходнасць прывядзення нацыянальнага заканадаўства аб свабодзе мірных сходаў у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і на недапушчальнасць паўтарэння падобных парушэнняў у будучыні.

Нарэшце на днях актывіст атрымаў адказ з КПЧ:

“Ваш зварот, які быў прадстаўлены Камітэту па правах чалавека для разгляду ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, быў зарэгістраваны ў якасці паведамлення №2622/2015.

У адпаведнасці з правілам 97 Працэдуры Камітэта, копія паведамлення была накіравана дзяржаве-удзельніцы сёння з просьбай, што любая інфармацыя ці назіранне ў дачыненні да пытання па прымальнасці і сутнасці паведамлення павінна быць накіравана ў Камітэт на працягу шасці месяцаў. Любы адказ ад дзяржавы-удзельніцы будзе вам паведамлены своечасова, каб вы маглі яго пракаментаваць, калі пажадаеце”.

Актывіст упэўнены, што няхай пакуль Беларусь не гатовая несці адказнасць па ўзятым на сябе абавязацельствам, усё адно калі-небудзь ёй прыйдзецца гэта рабіць.

“Факты парушэнняў дзяржавай правоў чалавека трэба збіраць, сістэматызаваць, даводзіць справы да КПЧ і пастаянна нагадваць уладам, што яны парушаюць узятыя на сябе абавязацельствы. Я планую прайсці ўсю неабходную працэдуру. Хай бегае і хаваецца ўлада, а не дэмакратычныя актывісты. Калі будуць пытанні ці заўвагі з боку афіцыйных уладаў Беларусі - я гатовы на іх адказаць”, - пракаментаваў адказ КПЧ Ілля Дабратвор.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства